У Мінску каля дзясятай гадзіны раніцы 20 сакавіка ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 КК РБ (“Злоснае хуліганства”). Падрабязнасці затрымання ПЦ “Вясна” распавяла сяброўка Змітра Наста Гусева.
Каля 10 ранку ў кватэру брутальна ўварваліся людзі з аўтаматамі, ў бронекамізэльках і масках. Адразу павалілі Змітра на Падлогу тварам уніз, адзелі кайданкі. Затым выбілі дзверы ў суседні пакой, пачалі праводзіць вобшук. Паведамілі, што супраць Змітра заведзена новая крымінальная справа за “злоснае хуліганства”.
Па меркаванні Насты Гусевай, справа звязана з інцыдэнтам тыднёвай даўніны, пра які ёй распавёў Паліенка.
"Прыкладна тыдзень таму Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык", - пераказала гісторыю Наста.
Вобшук у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), анархічную літаратуру, улёткі, налепкі і г.д. У Насты Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Паводле актывісткі, уся ўвага сілавікоў была накіравана менавіта на літаратуру і іншыя друкаваныя матэрыялы, якія знайшлі ў Паліенкі. Усе іх пытанні былі пра гэта, а абставіны справы іх асабліва не цікавілі.
Пасля вобшуку Змітра Паліенку павезлі ў ГОМ-2, адкуль ён, хутчэй за ўсё, павязуць у Следчы камітэт.
Крыніца: У Мінску брутальна затрыманы Зміцер Паліенка. Заведзена новая крымінальная справа