Былі разгорнутыя чырвоныя сьцягі. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць “правадыра сусьветнага пралетарыяту”: прамаўлялі пра тое, якую важную ролю адыграў Ленін у справе сацыяльнага прагрэсу ва ўсім сьвеце, узгадвалі добрым словам жыцьцё пры Савецкім Саюзе. Папікнулі беларускія ўлады “ўкараненьнем буржуазных парадкаў у эканоміцы і палітыцы”.
Адзначым, што на плошчы Леніна падчас правядзеньня масавага мерапрыемства мы не заўважылі ні нарадаў міліцыі, ні мэдыцынскіх работнікаў, ні дворнікаў. То бок прадстаўнікі службаў, якія мусілі б, паводле патрабаваньняў закону, абслугоўваць дадзенае мерапрыемства, папросту адсутнічалі на месцы мітынгу. Таму робім выснову, што мерапрыемства гэтае, найхутчэй, праводзілася без афіцыйнага дазволу ўладаў.
Праваабаронца: Улады занядбалі прынцып роўнасьці перад законам
“Часьцяком у Віцебску так і адбываецца, – камэнтуе сытуацыю віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. – Людзей, якія сьвяткуюць Дзень Волі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, затрымлівае міліцыя, а суды караюць іх штрафамі альбо арыштамі. Між тым, грамадзян, якія адзначаюць пад чырвонымі камуністычнымі сьцягамі народзіны Леніна, ніяк не караюць і не зьвяртаюць на іх ніякай увагі. Хоць навідавоку адно і тое ж адміністрацыйнае правапарушэньне – парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемству (арт. 23.34)”.
Леанід Сьвецік мяркуе, што віцебскія ўлады выбарачна выкарыстоўваюць дзейнае заканадаўства ў дачыненьні грамадзян, якія праводзяць масавыя мерапрыемствы. Такім чынам, прынцыпы роўнасьці перад законам усіх грамадзян і аднастайнасьці выкананьня законаў, якія зьяўляюцца абавязковымі для праваахоўных органаў, аказваюцца занядбанымі.
Невыкананьне гэтых прынцыпаў недапушчальнае ў прававой дэмакратычнай дзяржаве, падкрэсьлівае Сьвецік.
Лявон Яфрэменка