Такіх месцаў у горадзе тры: раён цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі парку імя Савецкай Арміі (парк “Мазурына”), парк культуры і адпачынку Чыгуначнікаў (цэнтральная сцэна) і парк 30-годзьдзя УЛКСМ, які знаходзіцца за СДзЮШАР “Камсамолец” (на скрыжаваньні прысадаў).
Не адпавядаюць галоўнай мэце
Гэтыя месцы не адпавядаюць галоўнай мэце публічных акцый – данесьці да грамадзтва меркаваньне ўдзельнікаў.
Сцэна ў Мазурына амаль заўжды пустуе
Відавочна, што тэрыторыі паркаў знаходзяцца ў такіх месцах, дзе гэтыя мэты ажыцьцявіць немагчыма. Яны разьмяшчаюцца на значнай адлегласьці ад цэнтру гораду. Нават улетку там малалюдна, і гэта робіць іх не прыдатнымі для правядзеньня мітынгаў альбо пікетаваньняў, ня кажучы ўжо пра дэманстрацыі.
Таксама Мазурына...
Тым больш яны не прыдатныя для гэтага ўзімку: калі паркі засыпаныя сьнегам, правядзеньне масавых мерапрыемстваў немагчымае.
Скрыжаваньне алей ў парку УЛКСМ
Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што ўлады выбралі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў вельмі нязручныя месцы.
Сцэна ў парку Чыгуначнікаў нагадвае прыбіральню...
Калі дадаць да гэтага неверагодна дарагія паслугі гарадзкіх службаў па ахове грамадзкага парадку, мэдычным абслугоўваньні і прыбіраньні тэрыторыі, дзе праводзяцца публічныя акцыі, дык наўрад ці каму наогул захочацца зьвяртацца да ўладаў для арганізацыі акцый.
Леанід Сьвецік: Падобная сытуацыя недапушчальная
Праваабаронца Леанід Сьвецік мяркуе, што падобная сытуацыя з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў у Віцебску недапушчальная і павінна зьмяніцца такім чынам, каб усе жадаючыя мелі магчымасьць рэалізаваць канстытуцыйнае права на мірныя сходы.
У бліжэйшыя месяцы рэспубліканскія ўлады хочуць на заканадаўчым узроўні зьмяніць працэдуры атрыманьня дазволу на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі абяцаюць грамадзкасьці пераход ад заяўнага прынцыпу да паведамляльнага, а таксама – распрацаваць адзіныя тарыфы на аплату паслугаў міліцыі, мэдычных работнікаў і службаў ЖКГ.
“Лібэральныя зьмены нормаў закону, які рэгулюе заяўку і правядзеньне масавых мерапрыемстваў – гэта слушны накірунак. Але, як гэта часта ў нас бывае, добрыя намеры рэспубліканскіх уладаў часьцяком перакрэсьліваюцца згубнай практыкай пры выкарыстаньні нормаў закону на мясцовым узроўні. Віцебскія праваабаронцы будуць уважліва сачыць за тым, што ў канчатковым выніку атрымаюць віцябляне ад лібэралізацыі Закону аб масавых мерапрыемствах”, – падсумоўвае Леанід Сьвецік.
Лявон Яфрэменка