Панядзелак, 26 Сакавік 2018

Полацак: Дзень Волі ў ачапленьні міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
100-годзьдзе БНР у Полацку 100-годзьдзе БНР у Полацку

Сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2018 году ў Полацку праходзіла ў атачэньні міліцыі.

У перадпачатку, 23 сакавіка, дваім грамадзкім актывістам былі выпісаныя позвы. Ім загадалі зьявіцца ў міліцыю раніцай 25 сакавіка. Позвы былі дасланыя экспрэс-поштай па месцы жыхарства.

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Полацку распачалося ў мясцовай беларускай царкве на ўскраіне гораду. Тут прайшла сьвяточная служба Дабравешчаньня, і адбыўся малебен за беларускі народ. Па завяршэньні набажэнства а 12-й гадзіне ў прыватнай хаце сабралася зь дзясятак грамадзян адсьвяткаваць угодкі незалежнасьці Беларусі.

Незвычайная актыўнасьць міліцыі ў Полацку была заўважаная грамадзянамі ўжо ў пятніцу, 23 сакавіка. Па горадзе сноўдаліся ўзмоцненыя патрулі міліцыі (па тры чалавекі), а таксама вайсковыя патрулі, па дарогах езьдзіла шмат міліцэйскіх машынаў.

У той дзень полацкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў праводзіла справаздачны сход у офісе. У офісным будынку былі заўважаныя маёр і падпалкоўнік міліцыі, а побач на дварэ цягам дзьвюх гадзінаў дзяжурылі людзі ў цывільным з рацыямі.

Дзяжурылі міліцыянты і ля царквы ў нядзелю 25 сакавіка. Сюды недзе а 9-й раніцы ў дзьвюх машынах прыехалі чатыры чалавекі. Усё сьвяточнае царкоўнае набажэнства і малебен за Беларусь прайшлі пад зьнешняй аховай міліцыі.


Міліцыя дзяжурыць

Пасьля літургіі ў прыватнай хаце помеж з царквою беларусы адзначалі сьвята стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускага народу. Была зачытаная адозва з нагоды 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Пасьля ўдзельнікі сьвяткаваньня прасьпявалі беларускія песьні і ўзьнялі келіхі за свабоду беларускага народу. Міліцыя дзяжурыла побач да восьмай гадзіны вечару, аж пакуль усе ўдзельнікі сустрэчы не разышліся па хатах. Ніхто ня быў затрыманы.

Распавёў грамадзкі актывіст Віктар Стукаў: «Увесь дзень 24 сакавіка і ноч да 8:30 раніцы 25-га каля майго пад'езду дзяжурыла машына зь людзьмі ў цывільным адзеньні. У суботу мне паштальён прынёс заказны ліст экспрэс-пошты і ўручыў пад подпіс. У лісьце была позва пра выклік у міліцыю на дзявятую гадзіну 25 сакавіка "для адабраньня тлумачэньняў". Я пазваніў на пазначаны ў позьве тэлефон і сказаў, што ў гэты час буду на сьвяточнай службе ў царкве, маёр міліцыі Перапечкін пагадзіўся перанесьці выклік на пару гадзінаў пазьней. У нядзелю ў міліцыі мяне пратрымалі тры гадзіны – з 12-ці да 15-ці гадзін, – склалі пратакол апытаньня і адпусьцілі. Каля Полацкага РАУС была заўважаная навала міліцэйскіх машынаў».


Віктар Стукаў


Ля міліцэйскага пастарунку ў Дзень Волі

Другую позву зь міліцыі, накіраваную экспрэс-поштай грамадзкаму актывісту Міколу Шараху, паштальён уручыць ня здолеў. Не знайшоўшы адрасата, ён пакінуў апавяшчэньне пра заказны ліст у паштовай скрыні.

Пад гэтакім пільнаваньнем міліцыі традыцыйнае сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка ў Полацку прайшло ўпершыню.

Аляксандар Марозаў