Панядзелак, 17 Май 2021

Што адказаў гарвыканкам на прапанову назваў вуліц у Чаромушках

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Месца, дзе паўстануць Чаромушкі. Фота: vitebsk.biz Месца, дзе паўстануць Чаромушкі. Фота: vitebsk.biz

На петыцыю, з прапановай назваць новыя вуліцы гораду ў гонар вядомых віцяблян, прыйшоў адказ. Начальнік аддзелу архітэктуры Віцебскага гарвыканкаму паведаміў, што аналізаваць грамадскую думку не ў яго кампетэнцыі. Прапановы будуць накіраваныя ў гарсавет.

Петыцыя з прапановай назваць тры новыя вуліцы у будучым мікрараёне Чаромушкі ў гонар вядомых людзей, звязаных з гісторыяй гораду над Дзвіной, з'явілася на сайце petition.by 16 красавіка. За два тыдні пад ёй падпісаліся 538 чалавек.

12 траўня аўтару петыцыі Максіму Жукаву прыйшоў афіцыйны адказ, падпісаны начальнікам аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму Ігарам Кадушкам

«У рамках правядзення азнаямлення і збору меркаванняў у пытанні назвы элементаў вулічна-дарожнай сеткі ў новым мікрараёне «Чаромушкі» на адрас электроннай пошты аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта паступіў шэраг прапаноў ад грамадзян і арганізацый», – гаворыцца ў лісце.

Далей Ігар Кадушка паведамляе, што аналіз грамадскай думкі не адносіцца да кампетэнцыі архітэктурна-горадабудаўнічага савету, а робіцца Віцебскім гарадскiм Саветам дэпутатаў.

Чыноўнік абяцае, што па завяршэнні грамадскага абмеркавання ўсе прапановы будуць накіраваныя ў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў для аналізу, разгляду і прыняцця рашэння аб прысваенні найменняў вуліц новага мікрараёну.

Галоўны архітэктар гораду таксама паведамляе што «ў адпаведнасці з парадкам прысваення найменняў, прадугледжваецца абавязковая публікацыя прапановаў у сродках масавай інфармацыі для азнаямлення грамадзян і збору меркаванняў у гэтым пытанні».

Але калі і ў якіх сродках масавай інфармацыі будуць апублікаваныя прапановы, не ўдакладніў.

Уладзімір Бяляўскі