Апошні раз у абласной бібліятэцы віцебская публіка сустракалася з паэтам аж у 1997 годзе, калі Алесь Разанаў у складзе прадстаўнічай дэлегацыі менскіх літаратараў наведваў наш горад.
Сустрэчу з выбітным паэтам распачала вядоўца курсаў «Мова нанова» Тацяна Дубоўская. Прывітала Алеся Разанава і старшыня Віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Настасься Лазебная – падаравала творцу пяты нумар літаратурнага альманаху «Ратуша».
«Як гэта лёгка памыліцца і па чужых пайсьці шляхах». Не памыліўся
Першыя вершы Разанава трапілі ў друк у 1960-я і адразу былі заўважаныя чытачамі ды паэтамі.
Вершам «Шлях» малады творца голасна заявіў пра свае прэтэнзіі на адметны літаратурны кірунак. У беларускую паэзію прыйшоў паэт-наватар, экспэрымэнтатар, стваральнік новых літаратурных жанраў, паэт, які не стамляецца зьдзіўляць сваіх прыхільнікаў новымі падыходамі да паэтычнай творчасьці. Не стамляецца адкрываць незаўважаныя іншымі грані роднага слова, гнуткасьць і плястычнасьць беларускае мовы.
Таму лягічна, што першым паэт прачытаў менавіта «Шлях», які можна лічыць і праграмным, і прарочым:
А шлях раўнюткі, быццам ліьсцік,
ляці – каб вецер у вушах!..
Як гэта лёгка памыліцца і па чужых пайсьці шляхах.
«Тут мой захад і тут – усход»
Вершаў паэт чытаў шмат. Сьледам за вершамі ішлі пункціры, вэрсэты, пераказы, пераклады… Але ці хапіла іх, каб увайсьці ў творчы космас паэта:
Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, куды ісьці,
а сам застаюся на месцы –
на гэтай зямлі, пад гэтым небам –
занадта лёгкі для глыбіні,
занадта цяжкі для вышыні,
занадта цэласны, каб падавацца ў які-небудзь бок...
Тут мой захад і тут – усход.
«Рагачыце, рагачы!»
Значную частку творчасьці Разанава займаюць пераклады. І ня толькі зь нямецкай ці літоўскай, якія ведае дасканала. Асаблівую цяжкасьць якраз выклікаюць пераклады з блізкароднасных моваў, бо лёгка зьбіцца на банальшчыну.
Адштурхнуўшыся ад Веліміра Хлебнікава, Разанаў праз перакалад на беларускую агучыў «глуханямыя пласты роднай мовы». Перакладаючы «Заклятие смехом», замяніў слова «сьмех» на слова «рогат». Атрымалася, як лічаць чытачы і крытыкі, геніяльна – «Заклён Рогатам»:
Рагачыце, рагачы!
Рагачарце, рагачары!
Рагачварце, рагачвары!
Рагатніце рагатліва з рагатнёў,
рагатуны!
Рогаць, рогатань, урогат,
Рагачутка, рагацень.
Рагатулі, рагатуйце рагатункі!
Зрагаторце
Рагаторгі рагатнічым рагатнем,
рагатары!
Рагацвелы ўрагацвела рагацвеляць
рагацелаў,
Урагочваюцца ўрогач рагачверцы
ў рагачме.
Рогат рогатна рагоча рагатайнай
рагатою.
Рагатніны ў рагатніцу.
Рагачыце, рагачы!
Як зазначыў паэт, «пераклад заўсёды мае быць творчым».
«Ці ёсьць у Разанава па-за літаратурны сусьвет?»
Гэтымі словамі Тацяна Дубоўская перавяла гаворку з паэтычнага жыцьця на прыватнае жыцьцё творцы. Арганізатары сустрэчы надрукавалі на аркушах некалькі загадзя падрыхтаваных пытаньняў, якія тычацца штодзённасьці, маральных перакананьняў Разанава як чалавека.
Выбраць пытаньні Разанаў прапанаваў сваім слухачам. Вось, напрыклад, што ён сказаў пра свае рысы характару, якія насьледаваў ад бацькоў:
«Ад матулі – цярплівасьць, пастаянства, настойлівасьць. Ад бацькі пакуль бяру толькі пазытыў, бо можна было і нэгатыў. Гэта – выйсьце з крутых сытуацый, гэта імправізацыя».
«Сапраўднае сьвята – другое нараджэньне»
«Дата, прымеркаваная да дня народзінаў, калі людзі нешта гавораць па традыцыі. Але я згадваю, што ў колішніх народаў было толькі адно сьвята, калі чалавек нараджаўся, і то не для яго самога, а для яго бацькоў яго блізкіх. Усё. А потым дзень нараджэньня не ўваходзіў у каляндар сьвятаў.
У хрысьціян было яшчэ адно сьвята. Пра гэта сьвята гаворыць апостал Ян. Калі сьвятар Нікадым прыйшоў да Хрыста, той сказаў яму, што трэба нарадзіцца ў другі раз. Нарадзіцца сваёй існасьцю. І вось гэтае другое нараджэньне – сапраўднае сьвята. І гэтае другое нараджэньне для мяне – сьвята, якое доўжыцца, якое пастаянна адбываецца і якое, можа, ніколі ня скончыцца».
Што такое правінцыя?..
Перакладчык зь нямецкай Дзьмітрый Весялоў задаў творцу нечаканае пытаньне: «Што для Вас правінцыя ў культурным полі?»
«Правінцыя – гэта, калі людзі перастаюць мысьліць, калі яны маюць за ўзоры толькі шаблёны, толькі сурагаты, толькі клішэ. Горад – ня меншая правінцыя, чым нейкая глухая вёска. Можа, нават большая, таму што тут у большай ступені дзейнічае рэкляма, якая робіць з чалавека біяробата, залежную істоту…» – адказаў Алесь Разанаў.
Пры канцы сустрэчы ўсе ахвочыя паўдзельнічалі ў агульнай фотасэсіі і набылі кнігі з пажаданьнямі і аўтографам паэта.
С. Горкі, фота аўтара