«Мы хочам аднавіць памяць пра гэтага выбітнага навукоўцу і перайменаваць вуліцу Савецкую ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёну ў вуліцу батаніка Уладзімера Адамава», – гаворыцца ў пэтыцыі.
Яе аўтары спасылаюцца на арт.20 закону «Аб найменьнях геаграфічных аб'ектаў», паводле якога прапановы аб пераназьве складальных частак населеных пунктаў могуць падаваць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Такім чынам, Віцебскі райвыканкам мае магчымасьць скарыстацца гэтым правам і ўнесьці прапанову аб перайменаваньні ў Віцебскі райсавет.
Вядомы навукоўца-батанік, дасьледчык флёры Ўсходняй Эўропы, аўтар шматлікіх навуковых працаў і стваральнік унікальнага батанічнага саду ў Вялікіх Лётцах у 1920-х гадах быў выгнаны са сваёй сядзібы савецкай уладай. Па іроніі лёсу, вуліца, на якой разьмяшчаецца сядзіба, носіць назву Савецкай…
Нагадаем, сёлета колішняя сядзіба Адамава ў Вялікіх Лётцах перайшла ва ўласнасьць віцебскага прадпрымальніка Максіма Жукава. Культурны дзеяч ператварае сядзібу ў культурны цэнтар.
Пэтыцыю можна падпісаць да 17 лістапада.
Зьміцер Міраш