Кінафэстываль “Вісла” ладзіцца ў Беларусі ўжо ў другі раз. Першы прайшоў у 2018 годзе ў Менску. Сёлета яго геаграфія пашыраецца: акрамя сталіцы, пазнаёміцца зь лепшымі працамі польскіх рэжысэраў змогуць і віцебскія гледачы.
“Фільмы ўсе разнаплянавыя і ўсё новыя. Прыкладам, стужка “Дачка трэнэра” зьявілася на польскіх экранах толькі 1 сакавіка”, – расказвае дырэктарка кінатэатру “Мір” Тацяна Якамасава.
Паводле дырэктаркі, гарадзкія ўлады, у тым ліку і аддзел культуры, ніякага дачыненьня да арганізацыі і правядзеньня кінафэстывалю ня маюць. Ініцыятыва сыходзіла выключна ад прадстаўнікоў польскай амбасады.
Адкрыецца кінафэст 13 красавіка (пачатак – 17.40) паказам драмы рэжысэра Лукаша Гжэгожака “Дачка трэнэра”, у аснове якой ляжыць гісторыя сямнаццацігадовай тэнісісткі Вікторыі Карнэт і яе таты-трэнэра, якія вандруюць па сьвеце ад турніру да турніру.
Тацяна Якамасава паведаміла, што на адкрыцьці фэсту будуць прысутнічаць акторка Караліна Брухніцкая, якая сыграла ролю галоўнай гераіні ў «Дачцэ трэнэра», сакратар амбасады Эльжбэта Інеўска, а таксама міжнародны каардынатар фэстывалю.
Уваход на ўсе сэансы бясплатны, але квіток можна будзе атрымаць у касе не раней чым за гадзіну да пачатку сэансу.
“Вісла” ў Віцебску: якія фільмы пакажуць
13 красавіка
- 17.40, “Дачка трэнэра”, рэж. Лукаш Гжэгожак.
- 20.30, “Багі”, рэж. Лукаш Палькоўскі.
14 красавіка
- 15.00, “Вольта”, рэж. Юліюш Махульскі.
- 17.30, “Юліюш”, рэж. Аляксандар Пэтшак.
Уладзімер Бяляўскі