Панядзелак, 08 Красавік 2019

“Зноў укрыжавалі Хрыста…” Актывісты Віцебшчыны пра зьнішчэньне крыжоў у Курапатах

Ацаніць гэты матэрыял
(17 галасоў)
Курапацкія крыжы... Фота: svaboda.org Курапацкія крыжы... Фота: svaboda.org

На мінулым тыдні, 4 красавіка, улады зьнішчылі 70 крыжоў, што былі ўсталяваныя па пэрымэтры народнага мэмарыялу ў Курапатах. У грамадзтве гэта выклікала  шок, неразуменьне і выбух абурэньня. Як расцэньваць дзеяньні ўладаў? Свае ацэнкі і меркаваньні выказалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Віцебшчыны.

Алена Сьцяпанава: Іх спасьцігне Божая кара

“Я веру, што ўсіх, хто зьнішчаў курапацкія крыжы, некалі спасьцігне Божая кара. Я веру і ў тое, што людзі не даруюць такога вар'яцтва ні сёньня, ні ў будучыні. Зьнішчаць крыжы на могілках ня проста незаконна, але і недапушчальна з пункту гледжаньня народнай маралі. Калі мы народ, то з намі так нельга. І мне сорамна, што я жыву ў адной краіне з тымі, хто пагарджае традыцыямі беларусаў і іх памяцьцю”, – выказалася віцебская журналістка Алена Сьцяпанава.

Барыс Хамайда: У зла адзіная матывацыя – рабіць зло…  

Віцебскі дысыдэнт і каталіцкі вернік Барыс Хамайда называе тое, што адбылося 4 красавіка ў Курапатах, адным словам: дзікунства.

Фота: svaboda.org

“Але наперадзе расплата! І адзінае, што можа ўратаваць тых, хто нішчыў крыжы, гэта пакаяньне. Хай ідуць у цэрквы, касьцёлы, мячэты, сынагогі – і каюцца, каюцца, каюцца… Інакш – найцяжэйшы канец! І гэта тычыцца ня толькі тых, хто нішчыў крыжы, але і іхных нашчадкаў. Тыя, хто за бальшавікамі здымаў званы і бурыў цэрквы, скончылі дрэнна.

І нам ня трэба нават спрабаваць зразумець такія паводзіны. Бо гэта немагчыма. У зла адзіная матывацыя – рабіць зло...

Кастусь Смолікаў: Наступны крок – продаж квіткоў за ўваход на мэмарыял?..

Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў лічыць, што выцягваньне крыжоў, усталяваньне плоту і сыстэмы відэаназіраньня, міліцэйскія патрулі і затрыманьні актывістаў у Курапатах – усё гэта вымушае па-новаму зірнуць і на віцебскія рэаліі.

“У нас таксама ёсьць месцы пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937-41 гадоў, і яны таксама знаходзяцца ў лесе. Там усталяваныя крыжы. Але ці не чакае іх такі самы лёс? Актывістаў, якія апякуюцца народнымі мэмарыяламі ў Хайсах і Паляях, некалькі разоў штрафавалі за не дазволеную ўладамі ініцыятыву.

Цяпер становіцца відавочным, што Курапаты, як афіцыйная гісторыка-культурная каштоўнасьць, пакрысе выводзіцца па-за межы грамадзкай актыўнасьці і трапляе пад дзяржаўную апеку. Страшна падумаць, але наступным крокам можа стаць продаж квіткоў за ўваход на тэрыторыю мэмарыялу па папярэднім запісе…

Леанід Гаравы: Неабходна дэманстраваць сваю еднасьць

Гарадоцкі краязнаўца і сябар БСДП (Грамада) Леанід Гаравы мяркуе, што супраць гвалтоўных дзеяньняў улады ў Курапатах беларусы мусяць салідарызавацца:   

“Падзеі ў Курапатах сьведчаць: нашае грамадзтва застаецца ў савецкай мінуўшчыне. Над Беларусяй па-ранейшаму ўладарыць міталёгія “чырвонага чалавека”. Жыхары краіны і яе кіраўніцтва моляцца ідэям, ад якіх цывілізаваны сьвет даўно адмовіўся.

Крыжалом у Курапатах характарызуе ўладу і выканаўцаў яе загадаў як дзікуноў, якія жывуць па-за межамі хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Дай жа Божа ім розуму, каб зразумелі, што робяць, каб пакаяліся і вярнулі крыжы на месца.

 Крыжовы шлях у Курапатах 4 красавіка. Фота: svaboda.org

Лічу, што пачварным дзеяньням постсавецкага аўтарытарызму народ мусіць  супрацьпаставіць жыцьцё ў праўдзе. Мы павінны дамагчыся, каб Курапаты і  падобныя ім месцы заставаліся сымбалямі пакутаў. Нам варта салідарызавацца супраць гвалтоўных дзеяньняў уладаў. Неабходна дэманстраваць сваю еднасьць праз маўклівыя акцыя негвалтоўнага супраціву – як у Курапатах, гэтак і па ўсёй Беларусі”.

Тацяна Севярынец: Гэта па-за межамі маралі

“Курапаты – мазоль, які перашкаджае гэтай гнюснай уладзе гандляваць незалежнасьцю краіны. Ён увесь час енчыць і баліць, нагадваючы пра страшную, але праўдзівую гісторыю жыцьця беларусаў пад расейскай акупацыяй.

Зьнішчэньне крыжоў – па-за межамі маралі. Гэта дзяржаўны вандалізм. І пасьля падобнага трэба было б пераходзіць да агульнанацыянальнага  маўклівага пратэсту ці да агульнанацыянальнай акцыі непадпарадкаваньня.

Бо ўлада, якая абавязаная служыць народу, топча сьвятое і скача на могілках. Што пасьля гэтага народ мусіць зрабіць з такім слугою? Так, гнаць у шыю, бо толькі народ Беларусі можа быць сапраўдным гаспадаром на беларускай зямлі, – кажа актывістка БХД Тацяна Севярынец.

Хрыстафор Жаляпаў: У чарговы раз укрыжавалі Хрыста…

Віцебскі палітык Хрыстафор Жаляпаў папярэдзіў, што выказваецца тут выключна як хрысьціянскі вернік праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату:

“На мой погляд, 4 красавіка хрыстапрадаўцы ў Курапатах у чарговы раз укрыжавалі Хрыста. Зьвярніце ўвагу, крыжы ня проста здымалі – на іх накідвалі петлі, нібы вешалі. Яны думалі, што сваімі дзеяньнямі змагаліся з апазыцыяй, з БНФ ці з тымі, хто ствараў гэты мэмарыял. Не – яны змагаліся з Богам! Таму дзеяньні ўладаў ня трэба расцэньваць як неразумныя: гэта блюзьнерства і здрада Хрысту. І адказваць яны будуць не перад намі – перад Богам. 

Фота: svaboda.org

Зьдзіўляе, што да гэтага часу няма афіцыйнай ацэнкі з боку нашага гіерарха – мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла. Ён мусіў бы ўжо выказацца і асудзіць бязбожную справу. Бо там ня проста крыжы – пад тымі крыжамі ляжаць у тым ліку і хрысьціянскія сьвятары, і праваслаўныя вернікі, якіх савецкая ўлада пазбавіла жыцьця.

Хутка Радуніца. Я лічу, што і праваслаўныя, і каталікі абавязаныя ў гэты дзень прыйсьці ў Курапаты, пакаяцца за зробленае блюзнерства і ўшанаваць памяць бязьвінна забітых…”

Ян Дзяржаўцаў: Зьнявага памяці беларускага народу…

Стваральнік і старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў кажа, што зьнішчэньне крыжоў  у Курапатах, пад якімі, паводле розных зьвестак, ляжаць ад 30 да 250 тысячаў нявінна забітых грамадзянаў, ёсьць зьнявагай памяці беларускага народу.

“Праз вынішчэньне крыжоў нішчыцца наша памяць, абяляюцца сталінскія паслугачы і каты. Занядбаць памяць пра ахвяраў сталінізму беларускі народ проста ня мае маральнага права, але менавіта гэтага намагаецца сёньняшняя ўлада. У людзей, датычных да руйнаваньня крыжоў, д'ябал адняў розум, і яны з гэтым пагадзіліся…

Апытваў С. Горкі, фота: svaboda.org

Залагініцца каб дадаць камэнтары