Згодна зь інвэстпраектам, новы гаспадар за тры гады мусіць давесьці да ладу дом, прылеглую тэрыторыю і зрабіць месца прыцягальным для правядзеньня фэстываляў і культурніцкіх імпрэзаў.
Наогул сфэра дзейнасьці Максіма Жукава, які працаваў раней гукарэжысэрам на віцебскіх радыёстанцыях, уражвае разнастайнасьцю. Гэта і правядзеньне мерапрыемстваў, і арганізацыя канцэртаў, і прадусарскія праекты, і выступы на міжнародных канфэрэнцыях. Увосень Максім плянуе выступіць у Варшаве – з дакладам аб сядзібе Ўладзімера Адамава.
Месца з тысячагадовай гісторыяй
У 2017 годзе Максім Жукаў упершыню дазнаўся пра сядзібу, наведаўшы “Адамаўскі фэст”, на які быў запрошаны ягоным арганізатарам краязнаўцам Міхаілам Дукам.
Сядзіба Адамава ў Вялікіх Лётцах
“Я ўбачыў закінуты дом, але само месца мне вельмі спадабалася. Можа, цудоўнае надвор'е на мяне паўплывала, ці выдатныя людзі на фэсьце, ці сама імпрэза, ці само гэтае месца з тысячагадовай гісторыяй – не скажу дакладна, але сядзіба мне запомнілася. Тады ў яе быў іншы ўласьнік. Але за 2,5 гады ён там нічога не зрабіў, і дом у яго забралі. Цяпер гэта мая ўласнасьць. Але калі за тры гады я свае абавязкі ня выканаю, то такі ж лёс напаткае і мяне. За гэты час, паводле ўмоваў інвэстпраекту, трэба ўкласьці ў сядзібу каля 50 тыс. рублёў”, – расказвае Максім Жукаў.
“Разьлічваю на свае сілы”
“…Ніякіх ілюзій у мяне няма – я разьлічваю перадусім на ўласныя сілы. Пакуль не пачнеш скардзіцца, ніхто з чыноўнікаў варушыцца ня хоча. Вось напісаў заяву ў раённую экалёгію, старшыні райвыканкаму. Здаецца, ёсьць нейкія зрухі. У суботу сіламі працаўнікоў дзіцячага дому прыбяром тэрыторыю. Прыедуць валянтэры з гораду. Абяцалі даць машыну, каб вывезьці сьмецьце. Зараз ідзе афармленьне дакумэнтацыі. Акрамя таго, у вольны час прыбіраем сьмецьце з пакояў”, – распавёў новы ўласьнік сядзібы Адамава.
Пакуль што тэрыторыя вакол сядзібы - засьмечаная
Паводле Жукава, умовы інвэстпраекту не прадугледжваюць капрамонту цягам трох гадоў. Але плянуецца бягучы рамонт даху, вокнаў, дзьвярэй, трэба правесьці электрычнасьць, водаправод, каналізацыю.
“На заднім двары плянуем сабраць сцэну, але для гэтага трэба зьнесьці сараі, а новых месцаў пад хлявы людзям пакуль ня далі. Неабходна, каб было прадпісаньне Лятчанскага сельсавету, а рабіць ён гэта ня хоча. Усё гэта вымагае шмат высілкаў. Уладальнікі хлявоў жывуць у розных месцах, і зь імі трэба дамаўляцца. Бясконцая папяровая праца. І пакуль гэты заблытаны клубок не разблытаеш, выконваць умовы інвэстпраекту немагчыма”, – кажа Максім Жукаў.
Наракае, што вельмі моцна тармозіць працэс “Водаканал”.
Гаспадар абяцае сустрэчу з прывідамі…
Максім Жукаў спадзяецца, што да 2021 году адкрые ў сядзібе міні-гатэль – і для ўдзельнікаў імпрэзаў, і для тых, хто пажадае адпачыць у гістарычным будынку ўлетку. Абяцае эксклюзіў.
“Мяркуем зрабіць некалькі пакояў у старой частцы будынку, дзе, пераначаваўшы пад старажытнымі скляпеньнямі, госьці адчуюць сябе сярэднявечнымі жыхарамі... Хто ведае, можа, да іх нават які мясцовы прывід завітае ў гатэльны пакойчык”, – усьміхаецца Максім.
Культурны цэнтар накшталт Белай Царквы
Новы ўласьнік сядзібы Адамава марыць стварыць тут культурны цэнтар, падобны да Белай Царквы ў Чашніцкім раёне, дзе вядомы кінарэжысэр Мацьвей Сабураў ладзіць фэстываль “Справа” (сёлета адбудзецца ўжо трэці па ліку).
На столі захаваліся дэкаратыўныя разэткі
“Наш праект ня будзе мець гэткага маштабу, бо мы абмежаваныя тэрыторыяй – ад сядзібы да абрыву возера. На падобныя летнія фэсты тут могуць сабрацца хіба 300-400 чалавек. Натуральна, што ў чэрвені плянуем правесьці тут пяты, юбілейны, “Адамаўскі фэст”. А напрыканцы жніўня плянуем фэстываль мапэдаў. Есьць таксама папярэдняя дамова зь вядомым віцебскім фатографам Аляксеем Карасёвым на правядзеньне фотазьлёту. Таму важна як найхутчэй прыбраць тэрыторыю ды правесьці электрычнасьць”, – падзяліўся плянамі Максім Жукаў.
“Наперадзе – новыя досьледы і адкрыцьці…”
Максім расказвае, што на другім паверсе дому пад шпалерамі быў выяўлены накат – дэкаратыўная штампоўка пэўнага колеру і формы, выкананая непасрэдна на тынкоўку. Пад шпалерамі адкрылі таксама першы арыгінальны колер, у які былі пафарбаваныя сьцены – ультрамарынавы. То бок экстэр'ер дому раней быў не чырвоны, як зараз, а нябесны, ці марскі. І новы гаспадар плянуе вярнуць сядзібе аўтэнтычны колер.
Сапаўдны колер - нябесны
Ён распавядае, што папярэдне ўжо дасьледавалі сядзібу разам з з рэстаўратарам Яўгенам Калбовічам.
“Зазірнуўшы ў падвал, пераканаліся, што сядзіба гэтая не XIX стагодзьдзя, а як мінімум – XVII. Знайшлі ў лёхах і тагачасны падземны ход. Высьветлілі, дзе першапачаткова знаходзіўся галоўны ўваход. Мяркую, што наперадзе нас чакаюць новыя досьледы і адкрыцьці”, – гаворыць Максім Жукаў.
У сутарэньнях сядзібы
На ягоную думку, нейкія пляны ці пісьмовыя зьвесткі пра сядзібу Адамава могуць адшукацца ў архівах. А паводле вядомых ужо пісьмовых крыніцаў, гэты маёнтак згадваецца ад пачатку XVI стагодзьдзя.
“Тут ішла актыўная дзейнасьць: гаспадары Ляцецкія судзіліся з суседзямі, суседзі – зь Ляцецкімі. І дзякуючы таму, што ўсе яны былі сацыяльна-актыўнымі людзьмі, мы ведаем, што на пачатку XVI стагодзьдзя тут кіпела бурлівае жыцьцё”, – дадае цяперашні гаспадар сядзібы.
“А так хочацца, каб было хораша!”
“Гэта вельмі добра, што ў нас зьявіўся новы гаспадар сядзібы Уладзімера Адамава. Раней мы тут наводзілі парадак, рабілі клюмбы, шыльду на будынку павесілі, каб не згубілася імя знакамітага батаніка. Сюды прыяжджалі экскурсіі, праводзіліся фэсты. Таму з радасьцю будзем дапамагаць яму, будзем рабіць усё, што ад нас залежыць. І вяскоўцы радыя, і мы, бо зьявілася надзея на працоўныя месцы. Ёсьць, праўда, тыя, хто бурчыць і ня верыць, бо, маўляў, у папярэдніх гаспадароў нічога не атрымалася, але такіх няшмат”, – выказала аптымізм загадчыца гаспадаркай Лятчанскага дзіцячага сацыяльнага прытулку Ірына Юпатава.
Больш ляканічна выказаўся мясцовы жыхар Анатоль Кандрацьеў: “Я рады. Бо ўсё тут занядбана, а так хочацца, каб было хораша…”
Шукальнікі скарбаў дзе-нідзе разьбілі сьцены
Да сядзібы вядзе старадаўні кацярынаўскі шлях
С. Горкі