Чацвер, 12 Ліпень 2018

Кіраўнік ініцыятывы “Хайсы” зьвярнуўся ў Вярхоўны суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў зьвярнуўся са скаргай ў Вярхоўны суд на рашэньне Віцебскага раённага суду, які абвінаваціў яго ў самавольным пахаваньні чалавечых парэшткаў у месцы, не прадугледжаным для такіх мэтаў заканадаўствам (арт. 23.43 КаАП). Гэта апошняя судовая інстанцыя, якая можа вызначыць невінаватасьць актывіста ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня.

Яшчэ ў сакавіку скаргу Яна Дзяржаўцава разгледзеў Віцебскі абласны суд, але пакінуў рашэньне раённага суду бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня. Тады ў сваёй скарзе актывіст адзначыў, што закон аб пахаваньні тлумачыць неабходнасьць дзеяньняў, зьвязаных са сьмерцю людзей за мірным часам, калі дазвол на пахаваньне выдаецца пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія зьмяшчаюць пашпартныя дадзеныя і канстатуюць прычыны сьмерці памерлага. Але ж у ягоным выпадку вядзецца пра чалавечыя фрагмэнты, якія былі пахаваныя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі і аказаліся на паверхні праз работы чорных капальнікаў і вайскоўцаў пошукавага батальёну. Больш таго, у законе нідзе ня згадваецца такое паняцьце, як “ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў”, высьветліць прозьвішчы якіх у цяперашні момант не ўяўляецца магчымым. Фактычна гэта не было пахаваньне, якое ўпісвалася б у вызначаную заканадаўствам прававую лёгіку.

Нагадаем, пачынаючы з 2014 году, Ян Дзяржаўцаў разам са сваімі паплечнікамі неаднаразова зьвяртаўся ў Мазалаўскі сельскі савет, Віцебскі выканаўчы камітэт, Віцебскае епархіяльнае ўпраўленьне і іншыя ўстановы раёну і вобласьці з прапановай паспрыяць тэрміноваму пахаваньню парэшткаў, якія валяліся па лесе без належнага догляду і пашаны. І ў 2015-м, і ў 2017 годзе актывісты зьвярталіся да ўладаў з просьбай пахаваць знойдзеныя ва ўрочышчы Хайсы парэшткі ахвяраў сталінізму непасрэдна на тым месцы, дзе яны былі знойдзеныя. Аднак ніводзін зварот сябраў ініцыятывы ня быў пачуты, таму імі было прынятае рашэньне ўпарадкаваць знойдзеныя парэшткі самастойна без усялякіх узгадненьняў, згодна з чалавечым сумленьнем і хрысьціянскім звычаем.

Тады Віцебскі раённы суд палічыў дзеяньні Яна Дзяржаўцава незаконнымі і аштрафаваў яго на пяць базавых велічынь. Цікава, што адзін раз Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову раённага судy і накіраваў справу актывіста на новы разгляд. Аднак і паўторны разгляд ня даў плёну – суд вынес аналягічнае рашэньне.

spring96.org

Залагініцца каб дадаць камэнтары