Субота, 29 Верасень 2018

Уладзімер Арлоў у Віцебску: Гісторыя робіцца ідэалёгіяй толькі ў таталітарным грамадзтве

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімер Арлоў падчас імпрэзы ў Віцебску Уладзімер Арлоў падчас імпрэзы ў Віцебску

Вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў наведаў 25 верасьня Віцебск, дзе прэзэнтаваў чытачам свае новыя кнігі – “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” і “Танцы над горадам”. Сустрэчы адбыліся ў Віцебскай абласной бібліятэцы і арт-пабе “Торвальд”.

Імпрэзу ў абласной бібліятэцы Уладзімер Арлоў пачаў цытатай з Раляна Барта (“Кнігі ствараюць сэнсы, а сэнсы ствараюць жыцьцё”), а скончыў – Чэрчылем (“Мова і памяць гістарычная бароняць межы дзяржавы лепш за любое войска”). Паміж Бартам і Чэрчылем – чытаў творы з сваіх новых кніг, цытаваў літкрытыкаў, апавядаў пра Напалеона ў Віцебску, чароўна пасьміхаўся і ўручаў падарункі.

Абласная бібліятэка атрымала ад пісьменьніка ў падарунак стос аўдыёкніг. “Большасьць зь іх запісаная маім голасам”, – запэўніў Арлоў.

Сёлета (25 жніўня) Уладзімер Арлоў адзначыў 65-ы свой дзень народзінаў. На вечарыне казаў, што гэта не зусім юбілей, але дата вельмі натхніла кнігавыдаўцоў: “Сёлета і летась выйшла колькі маіх новых кніг, а таксама былі дадрукаваныя наклады ранейшых”.

“Таямніца назвы”. Пра новую кнігу балядаў  

Кніжка “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” пачынаецца з полацкай баляды “Кат Бальтазар”, якую пісьменьнік падчас сустрэчы ў Віцебску прачытаў цалкам – мурашкі па скуры! Потым патлумачыў сэнс назвы кнігі. Ідэя ўзьнікла некалькі гадоў таму ў Баўгарыі, куды Арлоў паехаў, каб атрымаць міжнародную прэмію “Алека”.

 Новыя кнігі Арлова

“Мяне там прывезьлі на бераг Дунаю, дзе расейскія войскі падчас расейска-турэцкай вайны (1877-1878) фарсавалі Дунай. І мой спадарожнік, перакладчык, кажа: “Гэта рускія фарсавалі, але чамусьці прозьвішчы на помніках нейкія нярускія”. І мы хадзілі паміж гэтых помнікаў і чыталі беларускія прозьвішчы: паручнік Пятровіч, прапаршчык Здань… Былі там і прозьвішчы, якія пашыраныя ў нас на Віцебшчыне. Чаму? Таму што расейскае камандаваньне кінула фарсаваць Дунай Менскі пяхотны полк і Чарнігаўскі пяхотны полк – беларусаў і ўкраінцаў, каб тыя першыя палезьлі пад турэцкія кулі. Вось такая гісторыя назвы кнігі”…

“Баляды Арлова – гэта спрэс асацыяцыі, сымбалі, шырокая геаграфія, перанаселенасьць, і ўсё аздоблена іроніяй… Але найбольш уражвае не эрудыцыя аўтара ці паэтычны досьціп, а ўменьне ўпарадкаваць хаос, які творыцца наўкол і адбіваецца ў паэзіі Арлова”, – так пра “Паручніка Пятровіча…” пісала літкрытык Наста Грышчук.

Пра “Танцы над горадам”

Што да яшчэ адной сваёй новай кнігі “Танцы над горадам”, Уладзімер Арлоў паведаміў, што яна складаецца з трох аповесьцяў, напісаных у апошнія тры гады.

Уладзімер Арлоў прэзэнтуе "Танцы над горадам"

Праанансаваў яе радкамі з рэцэнзіі Ганны Кісьліцынай: “Гэтая кніга для тых, хто адчувае час і прастору як непаразуменьне і ўмоўнасьць. Для тых, хто цэніць сэксуальныя фантазіі (так, тэкст вельмі эратычны). Для тых, хто любіць нетаропкае гурманскае чытаньне. Для тых, хто любіць таямніцы – свае і чужыя. Ну і, канечне, для тых, хто не баіцца таньчыць на дахах цёплым травеньскім вечарам”.

Пра “Сны імпэратара”

Расказаў, што аповесьць “Сны імпэратара” (2001), дзеяньне якой адбываецца ў 1812 годзе ў Віцебску, увайшла ў новую кнігу выбранай гістарычнай прозы “Архіварыюс Война”.

“А галоўны герой аповесьці – Напалеон Банапарт, які адзначаў у Віцебску свой 43-ці дзень нараджэньня і які прыняў тут фатальнае рашэньне ісьці на Маскву. Такую вось ролю адыграў Віцебск у лёсе імпэратара”, – зазначыў аўтар.

Густоўна аформлены том “Архіварыюса Войны” (адзін з тамоў “пяцікніжжа” выбраных твораў пісьменьніка, выдадзенага ў 2017 году) таксама можна было набыць пасьля імпрэзы.

Пра нашу незалежнасьць

Прагучала на сустрэчы і знакамітае эсэ Уладзімера Арлова “Незалежнасьць – гэта…”

Кажучы пра эсэ (самы перакладаны твор пісьменьніка), Арлоў заўважыў: “Эсэ было напісанае ў далёкім 1990 годзе, яно было перакладзенае на 26 моваў. І яно, на жаль, ніяк канчаткова ня страціла сваёй актуальнасьці для беларусаў... А вось у нашых далёкіх і блізкіх суседзяў пераклады гэтага эсэ ўжо трапілі ў архівы”.

“Айчына” чакае працягу: “Ад Літвы да Беларусі”, “Ад БНР да РБ”

Адказваючы на пытаньне чытача наконт працягу выданьня “Айчына: Маляўнічая гісторыя”, Уладзімер Арлоў запэўніў, што працяг абавязкова будзе – яшчэ дзьве кнігі.

Пасьля сустрэчы адбылася аўтограф-сэсія

“Спачатку мы думалі, што будзе толькі адна частка ў працяг. Але вырашылі, што павінна быць яшчэ дзьве. Чаму вырашылі цэлую кніжку прысьвяціць XIX стагодзьдзю? У першай частцы (“Ад Рагнеды да Касьцюшкі”) гаворка ідзе пра вельмі важныя падзеі, але гэтыя падзеі, гэтыя асобы і гэтыя даты, у большасьці сваёй, прынятыя ўжо ня толькі нашым грамадзтвам, але і ўладай, дзяржідэалёгіяй. Але калі казаць пра падзеі XIX ст. – тут абсалютна няма паразуменьня.

Сьвежы прыклад. У 2012 годзе на міжнароднай гістарычнай канфэрэнцыі беларускія гісторыкі зрабілі выснову, што вайна 1812 году не магла быць і не была для беларускага народу “айчыннай”. Айчыннай яна была для Расеі, а нашыя продкі глядзелі на французаў і на Напалеона як на вызваліцеляў. Вы ведаеце, напэўна, якая была ўрачыстая сустрэча ў Віцебску. Сяляне спадзяваліся на скасаваньне прыгону, эліты – на аднаўленьне незалежнасьці ВКЛ.

Але ў 2012-м такая тэза вельмі абурыла пасла Расеі Сурыкава: “Як гэта так? Мы ж адзіны народ!” І вось вучні атрымліваюць сьвежы падручнік для 8-й клясы. У ім адпаведны параграф, які раней называўся “Беларусь у вайне 1812 году”, называецца “Беларусь у Айчыннай вайне 1812 году”. Хоць зьмест параграфу ніяк не зьмяніўся. Такая вось гульня…

Таму мы вырашылі вельмі грунтоўна і падрабязна ў другой кніжцы пісаць пра гэты пэрыяд. Пра тыя падзеі, якія дагэтуль маюць неадназначныя ацэнкі ў нашым грамадзтве, і гэта, безумоўна, зусім не спрыяе нацыянальнай кансалідацыі”.

Пісьменьнік паведаміў, што трэцяя частка “Айчыны” будзе мець храналягічныя межы ад БНР да Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя – гэта ідэалёгія?..

На пытаньне, ці можна наогул называць гісторыю навукай, калі яна такая “заідэалёгізаваная”, Арлоў адказаў, што такой яна робіцца ў таталітарнай дзяржаве.

“Ведаеце, ёсьць такое вызначэньне, што “гісторыя – гэта палітыка перакуленая ў мінулае”. Але такой яе зрабілі ў таталітарным грамадзтве, дзе яна неаднойчы рэдагавалася… Я лічу, што навука гісторыя ёсьць і будзе, і яна застанецца нашай вялікай настаўніцай, хоць вельмі часта і яна нічому ня вучыць. Але каб не згубіцца, каб мець сыстэму каардынат, у якіх мы існуем, мы проста асуджаныя ведаць сваю гісторыю, імкнуцца яе ведаць. Тым больш – у той час, калі рэдагуюцца энцыкляпэдыі, ня кажучы ўжо пра школьныя падручнікі.

Пачытайце, напрыклад, у энцыкляпэдыі артыкул “Курапаты”, і ў вас будзе шмат падставаў для роздуму…”

Напрыканцы творчай вечарыны адбылася аўтограф-сэсія. “Гэтая сустрэча натхніла мяне!” – прызнаўся пісьменьнік.

 

Пісьменьнік дзякуе за імпрэзу загадчыцы аддзелу краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Ларысе Рагачовай. Як заўжды - вельмі галянтна...

Зьміцер Міраш, фота аўтара