“Як мы і абяцалі на нашым выпускным, у пяты новы сэзон “Мова Нанова” ўваходзіць у новым фармаце. Спадзяемся – будзе больш цікава і захапляльна. Плянуем прадставіць больш таленавітай моладзі і таленавітых людзей Віцебска. І найперш зьвернем увагу на прыгажосьць нашай малой радзімы”, – паабяцала на самым пачатку Тацяна Дубоўская.
Арганізатары курсаў абяцаюць яшчэ больш цікавых сустрэч
Гасьцямі першых заняткаў сталі людзі мастацтва – паэтка Людміла Сіманёнак, вядучы майстар сцэны Беларускага тэатру “Лялька” Юрась Франкоў, рэжысэр-пастаноўшчык тэатру імя Якуба Коласа Ірына Цішкевіч, харэограф Марына Кушнярова, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі, паэт і бард Міхаіл Рубін. Як рэпрэзэнтатары тэмы, яны разважалі пра тое, якім чынам мова, і найперш – родная мова, уплывае на мысьленьне і бачаньне творцы.
“Мова – гэта прызма…”
Гэтак, Міхась Цыбульскі сьцьвярджаў, што ад мовы залежыць нават выбар кампазыцыі ў жывапісе. І, напрыклад, пэйзажы расейскамоўнага і беларускамоўнага мастакоў будуць адрозьнівацца, бо творцы будуць глядзець на натуру праз розныя прызмы.
Выступае Міхась Цыбульскі
“Мова – гэта прызма, празь якую ты глядзіш на сьвет і мастацтва. І, ствараючы такое мастацтва, ты мусіш абапірацца на мову сваіх продкаў”, – кажа мастацтвазнаўца.
“Так, выяўленчае мастацтва становіцца ўсё больш наднацыянальным. І часам чуеш: ну колькі можна гэтыя арнамэнты маляваць! Моладзі хочацца новага. Але гэта зусім не азначае, што гэтае новае ня можа быць убачанае і ўсьвядомленае праз сваю мову, праз нашыя нацыянальныя традыцыі. І гэта нармальны шлях”, – запэўніў Міхась Цыбульскі.
Беларусь стварылі паэты
А паэтка Людміла Сіманёнак лічыць, што варта як сьлед вывучыць беларускую мову хаця б дзеля таго, каб чытаць на ёй цудоўных беларускіх паэтаў – Разанава, Хадановіча ды шмат каго яшчэ.
Паэтка Людміла Сіманёнак
“Кожны паэт мае з вышэйшым сьветам свой канал сувязі, але ў выпадку паэзіі гэты канал, напэўна, мае найбольш яркую нацыянальную афарбоўку… І мне здаецца, што беларускае мастацтва, у тым ліку і беларуская паэзія, зрушыла крыху гэтую беларускую арбіту і прывяло да таго, што, як бы там ні было, а ўсё ж такі існуе на мапе сьвету сёньня такая краіна, як Беларусь. Я думаю што паэты ўнесьлі ў гэта не апошні ўклад…” – разважала Людміла Сіманёнак.
Якая мова тэатру
Рэжысэр-пастаноўшчык тэатру імя Якуба Коласа Ірына Цішкевіч шчыра прызналася, што, на жаль, ня так часта карыстаецца беларускай мовай у штодзённым жыцьці і папрасіла аўдыторыю дапамагчы вызначыць мову яе мастацтва. Якая яна, калі ў Санкт-Пецярбургу і без сынхроннага перакладу добра зразумелі беларускі спэктакаль “Каралева прыгажосьці з Лінэна” (пастаноўка Цішкевіч)? А сама рэжысэрка ўжо празь 10 хвілін ад пачатку спэктаклю адмовілася ад сынхрону, калі глядзела пастаноўку Некрошуса па-літоўску – бо ўсё разумела, распавядае. Чаму так, што гэта,? “Мова душы”, “мова эмоцый”… – адказвалі з залі.
Ірына Цішкевіч на сцэне курсаў "Мова Нанова"
"Я нікуды ня дзенуся ад таго, што я беларуска, беларусачка, але… вось такая мова майго мастацтва”, – падсумавала Ірына Цішкевіч.
“Стаім на сцэне, як доўбні, калі ня ведаем мовы”
А бадай што самай імпэтнай і эмацыйнай атрымалася рэпрэзэнтацыя актора-лялечніка Юрася Франкова. Усе курсы “Мова Нанова” падрываліся ад сьмеху, а Франкоў ды іншыя пчолы – спакойна зьбіралі мёд з найярчэйшых кветак імпрэзы…
Але перад гэтым актор заўважыў: “Ірына (зьвяртаючыся да Ірыны Цішкевіч - ВВ), вы правільна сказалі, што мы стаім на сцэне, як доўбні, калі ня ведаем мовы. Які адсотак навучаньня беларускай мовы ў школе? Мізэрны! І таму калі на сцэне нешта забываеш, то ня ўмееш зымправізаваць…”
Юрась Франкоў з рамонкамі падчас імпрэзы
“І разумееце, маленькія дзеткі дашкольнага ўзросту, якія прыходзяць да нас у тэатар у суботу і нядзелю, яны… ну проста ні бэ ні мэ па-беларуску. Школьнікі дык яшчэ нешта разумеюць, але няшмат. І таму тэатар, канечне, павінен нешта рабіць, хоць школу ён не заменіць. А гэта ж абавязак школы і ўлады, якая пакуль што не клапоціцца пра тое, каб мы ведалі мову”, – дадаў Франкоў.
Напрыканцы перад удзельнікамі курсаў з новымі (і ня толькі) песьнямі выступіў паэт і бард Міхаіл Рубін. Выканаў у тым ліку і "Кірчука".
А перад гэтым сваім майстэрствам размаўляць з гледачамі мовай цела і рухаў падзялілася салістка тэатру-студыі сучаснай харэаграфіі Дыяны Юрчанка Марына Кушнярова.
Нумар ад Марыны Кушняровай
“Мова Нанова” ўвайшла ў новы сэзон з упэўненасьцю і аншлягам. Анансаваная ўжо наступная сустрэча: у сераду, 26 верасьня, у госьці да “Мовы Нанова” прыедзе вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
Нагадаем, што бясплатныя курсы “Мова Нонова” праходзяць у арт-пабе “Торвальд” у Віцебску штосераду. Сачыце за анонсамі!
Зміцер Міраш, фота аўтара