“Не набывайце гэтую кніжку ў тым выпадку, калі ў бліжэйшы час у вас няма настрою чытаць ці калі наогул вы проста хочаце паставіць яе з аўтографам на паліцу – і ўсё… Наперадзе яшчэ імпрэзы, і я баюся, што кніжкі проста скончацца, магчыма, іх нават ня будуць дадрукоўваць. Дык калі для вас гэтая справа ня вельмі прынцыповая, калі ласка, устрымайцеся ад куплі гэтай кнігі...” – настойліва раіў аўтар.
Паводле падлікаў Марціновіча, з 2300 асобнікаў накладу “Ночы” засталося толькі 700 кніжак у мяккім пераплёце. Толькі падчас першай аўтограф-сэсіі ў “Акадэмкнізе” было падпісана 500 асобнікаў. Віцебск стаў другім пасьля сталіцы горадам Беларусі, дзе была прэзэнтаваная “Ноч”.
Віктар Марціновіч у Віцебску. Фота: budzma.by
Віктар Марціновіч паабяцаў, што праз тры-чатыры тыдні ў Менску адбудзецца рэліз электроннай вэрсіі раману. Цалкам магчыма, што электронную “Ноч” можна будзе набыць бясплатна.
Прапануем колькі цытатаў Марціновіча зь віцебскай імпрэзы ў “Бітлз-клюбе”.
“Ноч” – вельмі чытэльная і грунтоўная кніга”
“Мне здаецца што адметнасьць гэтай кнігі ў тым, што яна сапраўды вельмі чытэльная і вельмі грунтоўная. Ад моманту напісаньня я прачытаў яе ўжо разоў пяць. Я пільна працаваў над карэктурай, з рэдактарам. Мне вельмі прыемна яе перачытваць.
І адметнасьць папяровага асобніка менавіта ў тым, што ён уваходзіць у тваё жыцьцё і ў ім неяк застаецца. Ён заўсёды мае нейкую гісторыю. Кніга і тэкст – гэта як душа і цела. Тэкст як такі – гэта душа, а папяровая кніга – гэта цела, якое ўтрымлівае гэтую душу. І вось, у выпадку з “Ноччу”, цела атрымалася дужа сур’ёзнае, таму што і з дызайнам мы папрацавалі грунтоўна, і папера вельмі прыемная. Карацей, мне падаецца, што яна адрозьніваецца ад таго, што зараз выдаецца ў Беларусі на беларускай мове…”
“Сьвятло па факце згасла. Адзінае, што гарыць, – гаджэты…”
“Нягледзячы на тое, што кніга выйшла толькі на мінулым тыдні, зьявілася ўжо шмат рэцэнзій зь вельмі вялікім дыяпазонам – ад вельмі ўхвальных да самай бруднай лаянкі. І мне здаецца, што гэта як з опэрным сьпеваком: чым шырэйшы дыяпазон, тым, уласна кажучы, лепшы і цікавейшы твор.
Падчас рэлізу. Фота: budzma.by
Шмат якія рэцэнзіі абазваліся пра гэты твор як твор чыста фантастычны… Але мне здаецца, што гэта зусім не фантастыка. А калі і фантастыка – дык дакладна не навуковая, а сацыяльная, фантастыка кшталту Стругацкіх, зь якімі, мабыць, ужо хутка пачнуць гэты твор параўноўваць.
…На мой погляд, мы зараз усе жывем у нейкім новым сярэднявеччы, у пэўнай адвечнай ночы. Той чорны сьвет, які тут намаляваны – гэта, уласна, добрая мэтафара для апісаньня тых часоў, якія ня толькі Беларусь зараз перажывае, але, здаецца, уся Эўропа, усе нашыя суседзі.
Сьвятло па факце згасла. Адзінае, што дагэтуль гарыць, гэта тыя гаджэты, якія нам дапамагаюць усё тое, праз што мы праходзім, перажываць з адчуваньнем, што катастрофы няма…”
“Хацеў вярнуць Чалавека зь вялікай літары”
“Гэта раман пра Героя. Я шмат у якіх інтэрвію гэта падкрэсьліваю… Постмадэрновы герой – гэта чалавек, які здольны да інтэлектуальных жартачак, да гульні ў бісэр чужых тэкстаў, да іроніі, сарказму, да сьмеху. Але не да ўчынку, нейкай дзеі. Вось у рамане “Ноч” я хацеў вярнуць Чалавека зь вялікай літары “Ч”. Я хацеў намаляваць чалавека, на якога можна было б раўняцца. Чалавека, жыцьцёвым лёсам якога я б сам, як аўтар, мог бы захапіцца.
Таксама гэта раман пра фэйкавыя навіны, пра плоскую зямлю, пра тое, што ў сьвеце ўсё зусім ня так, як нам распавядаюць новыя мэдыя. Гэта раман пра страх і яго пераадоленьне. Ну і, мабыць, гэта і ўсё, што я магу сказаць на гэтым этапе, каб ня спойліць”.
“Рэклямная кампанія?.. Нуль рублёў нуль капеек…”
“Чаму такі посьпех?.. Глядзіце, я чытаў пра тое, што гэта добры маркетынг, і пра тое, што чэргі ў Менску складаліся з нанятых адмыслова людзей… Гэта было б крута і вытлумачальна, калі б у нас быў капітал, які б мы маглі ўкладаць у рэклямную кампанію. Але ў рэклямную кампанію гэтай кніжкі ўкладзена роўна столькі ж грошай, колькі было ўкладзена ў мой ганарар – нуль рублёў нуль капеек. Я адмовіўся ад свайго інтарэсу для таго, каб кніжка каштавала не 20, а 13 рублёў…
Аўтограф-сэсія ў Віцебску. Фота: budzma.by
Чаму ў Менску прыйшло столькі людзей? Гэта нават для мяне вялікая таямніца… Я думаю, што за шэсьць раманаў я назапасіў пэўны сымбалічны капітал. І ёсьць пэўны давер да мяне з боку чытачоў, якія прачыталі хоць адну маю кнігу. Думаю, зацікавіла тое, што зьявілася ў першых рэцэнзіях, зацікавіў сюжэт, тыя дробкі, якімі я дзяліўся. Вось усё гэта супольна і стварыла такі эфэкт.
Але кніга, ведаеце, яна як чалавек – рэч мэтафізычная. І тое, што зь ёй адбываецца, не патлумачыш ні маркетынгам, ні нейкай лёгікай паводзінаў вялікіх мас людзей… У кожнай кнігі свой лёс. Лёс гэтай кнігі ў тым, каб вось так пачаць і адразу паставіць усіх на вушы. Гэта было вялікай неспадзяванкай для мяне. Я чакаў сто чалавек – прыйшло трыста. Ну крута! Будзем глядзець, што будзе далей…”
“Рускамоўнага рэлізу давядзецца пачакаць”
“Раман ужо перакладзены на расейскую. Нам нічога не каштавала б узяць і зрабіць адначасова рэліз “Ночы” на паперы і ў электронным выглядзе, як мы гэта рабілі з усімі папярэднімі кнігамі. Але, па-першае, зьявіліся прапановы ад вельмі сур’ёзных расейскіх выдавецтваў, а па-другое, я вырашыў пагуляцца з чытачом. То бок заахвоціць чытача прадзірацца праз тэкст на беларускай мове. Таму што ў гэты тэкст было ўкладзена столькі высілкаў, столькі было знойдзена трапных словаў, столькі там у пляне рытму ўсяго, што мне было прынцыпова, каб рускі рэліз адбыўся нашмат пазьней.
Рускі рэліз адбудзецца не раней чым праз 6 месяцаў ад гэтага моманту, але, хутчэй за ўсё, мы адцягнем яго на адзін год. То бок рускамоўнага рэлізу давядзецца пачакаць”.
Пра абавязак пісьменьніка выказвацца пра балючае
“Мне падаецца, мы жывем у эпоху, калі выразных сацыяльных роляў больш няма. Калі ты хатняя гаспадыня, ты можаш весьці блог пра дзяцей, і роля для грамадзтва гэтага блога будзе больш важнай, чым твая роля маці, умоўна кажучы, двух дзетак. Кожны прыкметны інтэлектуал зьяўляецца зараз і мэдыяпэрсонай. Узяць таго ж Славоя Жыжэка. Таму я не магу адказаць на пытаньне, хто я – журналіст ці пісьменьнік…
Фота: budzma.by
Трэба проста выказвацца. Мне падаецца, многія пісьменьнікі, ня ўсе, але многія, самаўхіляюцца ад удзелу ў мэдыйным жыцьці, мяркуючы, што гэты занятак кастава больш нізкі, чым чытаньне кніжак і жыцьцё ў кнігах. Але, на маю думку, чалавек, які мае ўвагу з боку грамадзтва, мае пэўныя абавязкі выказвацца публічна.
Мы жывем у час дэградацыі героя. Зараз героямі зьяўляюцца тэлевядоўцы, футбалісты, спартоўцы і г.д. То бок тыя людзі, якія наогул ніколі не выказваюцца аб балючых грамадзкіх праблемах. Але пісьменьнікі павінны ўдзельнічаць у гэтым. І, дарэчы, Сьвятлана Алексіевіч – цудоўны прыклад. Яна дае інтэрвію, і ўсе пачынаюць неяк прыслухоўвацца да яе. Гэта важна. Яна паводзіць сябе як эўрапейскі інтэлектуал, які не ўхіляецца ад таго, што баліць…”
“Людзі, якія чытаюць кніжкі, больш уплывовыя”
“На мой погляд, літаратура ўтварае шкілет культуры. Яна не самая галоўная сёньня, яна не самая ўплывовая сёньня ў параўнаньні зь іншымі жанрамі. Але гэта, дарэчы, пакуль не працуе зь Беларусьсю, таму што ў нас няма папулярнага кіно, і беларуская літаратура можа паспаборнічаць зь кінематографам у пляне ўплыву…
Фота: budzma.by
Але гэта ненатуральна. Літаратура апошнія 10 гадоў звычайна зьяўляецца маргінальным і, адначасова, больш інтэлектуальным заняткам, чым кіно і тэатар. Але пры гэтым яна вельмі важная. Бо, ведаеце, тыя людзі, якія чытаюць кніжкі, яны, на мой погляд, маюць болей уплыву на ўсё, чым тыя людзі, якія чытаюць толькі фэйсбук…
Складана вельмі гэта патлумачыць. Але людзі, якія дагэтуль захавалі здольнасьць чытаць кнігі – ня сайты Лента.ру, Мядуза ці Наша Ніва, – а менавіта кнігі, у іх мысьленьне выбудоўваецца такім чынам, што яны робяцца падсьвядомымі лідэрамі. Яны могуць ня быць кіраўнікамі кампаній… але яны вельмі моцна ўплываюць на кіраўнікоў кампаній… І так заўсёды.
Проста ў адрозьненьне ад кіно ці канцэрта… кніжкі ўплываюць на нейкім больш нізавым узроўні. Яны зьмяняюць цябе больш за кіно. Вобразы з кніжак, нават сама манера маўленьня, апісальнасьць кніжак – яны робяцца табой, часткай цябе. Таму менавіта я і лічу, што літаратура ёсьць шкілетам культуры. І таму менавіта, як мне падаецца, дзяржаве было б вельмі важна дапамагаць літаратуры. Дапамагаць нейкім творам знаходзіць сябе. Таму што калі мы масава чытаем, напрыклад, рускую літаратуру, дык наш культурны касьцяк складаецца з твораў, якія не зьвязаныя з гэтай зямлёй…”
Чаму кніга пра Шагала дагэтуль не прагучала ў Віцебску
“Кніжка “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску” выйшла ў крутым акадэмічным выдавецтве “Новы літаратурны агляд” (НЛО) ў Маскве, і яе можна набыць толькі ў Менску ў “Акадэмкнізе”. Але калі вам цікава прачытаць яе, то можна абсалютна хутка і лёгка спампаваць кнігу на “Флібусьце”. Яна там ёсьць.
Што тычыцца Шагалаўскіх чытаньняў, то, калі кніжка яшчэ не выйшла, я некалькі разоў накіроўваў заяўкі з прапановай выступіць на чытаньнях, і ўвесь час атрымліваў адмовы… І вось калі выйшла кніга, мяне сталі запрашаць у іншыя месцы, і пэўная крыўда, канечне, назапасілася. Але я спадзяюся гэтую крыўду пераадолець і буду шчасьлівы прадставіць гэты тэкст, які, прабачце, і ў Вільні гучыць, і перакладаюць яго, у Віцебску, дзе яго пакуль няма. Буду шчасьлівы…”
Зьміцер Міраш