«Мы кажам Віцебск, маем на ўвазе Марк Шагал, мы кажам Марк Шагал, маем на ўвазе Віцебск» – такія словы гучалі ў гонар дня народзінаў Майстра на ягонай роднай Пакроўскай.
Сьвяткаваньне юбілею пачалося з ускладаньня кветак да помніку Марку Шагалу. Вітальныя словы пра ролю вядомага віцебскага мастака ў разьвіцьці сусьветнай гісторыі мастацтва сказала дырэктарка музэю Марка Шагала Ірына Воранава.
Пасьля афіцыйнай часткі адбылося сьвяточнае шэсьце па вуліцы Пакроўскай да роднай хаты Марка Шагала. Па дарозе госьці ўрачыстасьці маглі ўбачыць артыстаў віцебскіх тэатраў у вобразах скрыпачоў, мастакоў, мімаў, а таксама саміх Марка і Бэлы, якія едуць у карэце па цэнтры вуліцы. У пэўны момант конік ня вытрымаў пільнай увагі да сябе, і зь ім адбыўся невялічкі канфуз. Гэты інцыдэнт толькі пацешыў удзельнікаў шоў, якое яшчэ толькі пачыналася.
Бэтонныя платы ўздоўж вуліцы Пакроўскай, дасюль шэрыя і несамавітыя, выявіліся размаляваныя цытатамі з мэмуараў Марка Шагала. Надпісы прысьвечаныя роднаму Віцебску, любові, перажываньням мастака, яго ўспамінам пра радзіму і прычыны, зь якіх яму давялося зь ёй разьвітацца. На іншых плітах былі замацаваныя малюнкі навучэнцаў Віцебскай мастацкай школы.
У двары самога музэю Шагала адбыўся канцэрт і тэатралізаванае прадстаўленьне розных творчых калектываў. Дырэктарка музэю Ірына Воранава таксама прадставіла гледачам партрэт творцы, які нядаўна мытнікі канфіскавалі ў аэрапорце Менск‑2. Артэфакт уяўляе зь сябе чорна-белую гравюру 20-х гадоў XX стагодзьдзя з выявай Марка Шагала працы нямецкага мастака Германа Штрука.
Імпрэзы, прысьвечаныя юбілею знакамітага мастака будуць праходзіць цягам месяца на розных мастацкіх пляцоўках гораду.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2361-u-vitsebsku-adznachyli-yubilej-marka-shagala#sigProId1f1ac315fc
Юры Шэпелеў, news.vitebsk.cc