Серада, 19 Ліпень 2017

«Аршанская хроніка 1986-2001»: гісторыі людзей, якія рабілі вялікія справы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Андрэеў Віктар Андрэеў

Дакумэнтальную кнігу “Аршанская хроніка 1986-2001” прэзэнтаваў 18 ліпеня ў Воршы яе аўтар-укладальнік Віктар Андрэеў. Кніга ў актуальным жанры нон-фікшан мае 251 старонку і заснаваная на архіўных матэрыялах, дакумэнтах ды інтэрвію з 15 асобамі.

Вельмі шмат у кнізе фотаздымкаў, якія перадаюць атмасфэру зьменаў у грамадзтве на зломе 1980-90-х гадоў, а таксама палітычныя і культурніцкія падзеі таго часу.   

Віктар Андрэеў распавёў, як прыйшла ідэя напісаньня дакумэнтальнай кнігі пра Воршу:

– Я ведаў шмат людзей, якія ў сваім жыцьці шмат зрабілі для Воршы. І шмат хто пра гэта ня ведае альбо забыў. Ідэя была ў тым, каб сабраць у кнізе падзеі ды людзей, якія выяўлялі грамадзянскую актыўнасьць і ўплывалі на жыцьцё ў горадзе Ворша.

Напрыклад, Алесь Сярожкін – дзякуючы яму ў Воршы захаваўся касьцёл і будынак Куцеінскага манастыра. Мне не хацелася б, каб гэтая інфармацыя была страчаная. У гісторыі застаюцца “генэралы” – людзі, якія займалі высокія пасады. А мне хацелася запісаць гісторыі людзей, якія ў невялікім горадзе рабілі вялікія справы.

Я імкнуўся перадаць у кнізе атмасфэру часу, калі адны людзі змагаліся за выжываньне, а іншыя за тое, каб зьмянілася сацыяльна-палітычная сытуацыя ў горадзе. Такія людзі, як Алена (Тананана) Сьцяпанава і Віктар Сьцяпанаў, якія запрашалі людзей на першыя ў горадзе курсы беларускай мовы. Яны запрашалі людзей на першую сустрэчу насельніцтва зь Беларускім Народным Фронтам на сэлікатным заводзе.

Тады маглі гэта рабіць – і рабілі. Збор матэрыялу заняў каля году. Калі перакрочваеш лічбу ў 60 гадоў, прыходзіць думка, што ў кожны момант можна не пасьпець. Такіх кніг павінна быць напісана шмат, такія кнігі павінны зьяўляцца ў кожным горадзе. 

Пасьля дыскусіі старшыня ТБМ у Воршы Юры Нагорны сказаў: “Шчыра віншую Віктара Андрэева, што зьявілася такая цудоўная рэч. Мінае час, сьціраецца з памяці тое, што зрабілі не “генэралы”, а простыя людзі. Кожны з нас можа напісаць такую кнігу, на прыклад Віктара адклаўшы на час побытавыя справы, гароды. Я таксама пачаў пісаць кнігу: “Людзі, зь якімі мне пашчасьціла сустракацца”. Гісторыя не павінна паміраць, нават калі паміраюць людзі”. 

Дакумэнтальную кнігу Віктар Андрэеў выдаў за свой кошт невялікім накладам. Электронная вэрсія неўзабаве зьявіцца ў сеціве.

racyja.com

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Віктар Сцяпанаў Чацвер, 20 Ліпень 2017 Дадаў Віктар Сцяпанаў

    Мушу адзначыць, што тэкст, змешчаны на старонках 38-39 у якасці маіх успамінаў, некарэктны і няпоўны, і ўключаны ў кнігу насуперак маёй забароне.

    Паскардзіцца