На старце «Барадулінак», а 12-й гадзіне, народу было небагата. Яно і ня дзіўна: выпадковыя мінакі, што шукаюць якога-небудзь гарадзкога сьвята, ужо яго атрымалі. Перад тым, у пятніцу і суботу, Віцебск сьвяткаваў свой чарговы дзень нараджэньня. А на Талстога,7 народ зьбіраўся на канкрэтныя праекты. І гэта сапраўды было цудоўна: што можа быць лепш, чымся цікаўная аўдыторыя, якая прыйшла паслухаць канкрэтную асобу.
У двары можна было набыць цацкі ручной работы, упрыгожаньні з дрэва і воўны, валяныя капелюшы. Свой тавар прапаноўвала крама symbal.by. Кнігі, якія проста так набыць у Віцебску немагчыма, прывёз выдавец Зьміцер Колас. А гаспадары «Фальварку Архіпавых» прапаноўвалі паспрабаваць і набыць казіны сыр розных гатункаў. Сям’я трымае фэрмэрскую гаспадарку і робіць экалягічна чыстыя сыры па ўласных рэцэптах.
Атмасфэрнасьці сьвяту надаваў стары тэлевізар, у якім, замест экрану, месьціліся кнігі для буккросінгу. А яшчэ вялікія фотаздымкі беларускіх пісьменьнікаў, выразаныя такім чынам, што кожны ахвотны мог сфатаграфавацца або побач са сваім літаратурным кумірам, або ў ягоным вобразе.
Галоўныя падзеі разгортваліся ў залях арт-прасторы. Лекцыя Мікалая Півавара «Ушаччына Рыгора Барадуліна» сабрала такую колькасьць слухачоў, што доўгіх лавак для сядзеньня хапіла ня ўсім ахвотным. Мабыць, ня менш народу было б і на лекцыі Міхася Скоблы. Але «Голас і лёгас Рыгора Барадуліна: лекцыя з чатырма лірычнымі адступленьнямі», на жаль, не адбылася.
На прэзэнтацыі кнігі «Віцебская мастацкая школа для дзетак» было ня надта людна, але ня менш цікава. Навогул, унікальнай аказалася сама кніга. Гэта – збор казак, якія напісалі сучасныя літаратары пра мастакоў, на чыю творчасьць так ці інакш паўплывала Віцебская мастацкая школа.
Малевіч і Шагал, Русава і Пасьлядовіч, Цэсьлер і Хацкевіч. Кожнаму з мастакоў прысьвечаны асобны твор, верш і творчае заданьне для юных чытачоў, якое можна выконваць на старонках кнігі. Мастацтвазнаўца Сафія Садоўская расказвала, як праходзяць заняткі зь дзеткамі ад 7 гадоў, дзе яны падарожнічаюць у сьвет выбітных беларускіх мастакоў праз дапамогу арыгінальнага падручніка. Але гэта адбываецца ў Менску, у «Дзіцячых творчых майстэрнях» Галерэі “Ў”». У Віцебску нават у час прэзэнтацыі кнігу купіць было немагчыма, віцебчукам паказалі толькі некалькі яе асобнікаў.
Кніга выдадзена за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай пляцформе, і яе першы наклад літаральна разьляцеўся. Цяпер ідзе збор сродкаў на перавыданьне незвычайнага падручніка.
А кульмінацыяй «Барадулінак» стала лекцыя Альгерда Бахарэвіча «Дэзарыентація на мясцовасьці: балючыя кропкі сучаснай беларускай літаратуры2 і выступ паэткі Юліі Цімафеевай. Прыезд знакамітых літаратараў адбыўся ў межах кампаніі «Пяцісотгоднасьць», прысьвечанай 500-годзьдзю кнігадрукаваньня.
Пачаўшы з прэзэнтацыі кнігі «Бэзавы і чорны: Парыж праз акуляры беларускай літаратуры», Альгерд Бахарэвіч перайшоў да гутаркі пра беларускую літаратуру ўвогуле. Пра яе ўнікальнасьць і эўрапейскасьць.
«Важна разумець, што Эўропа не заканчваецца на беларуска-польскай мяжы. Маленькая вёска ў Беларусі – гэта таксама Эўропа. Я паспрабаваў укласьці гэтую думку таксама і ў сваю кніжку, – разважаў пісьменьнік. – Мы ўвесь час раўняемся на вялікія эўрапейскія літаратуры. І гэта няправільна. Эўропа – гэта і Альбанія, і Македонія, і Эстонія. Трэба зразумець, што найлепшая літаратура – правінцыйная. Вялікая літаратура заўсёды нараджалася ў правінцыі. А потым у нейкіх цэнтрах рабілася бачнай».
Беларусь – гэта таксама свайго роду правінцыя. Правінцыя Эўропы. І за апошнія пяць год, заўважыў Альгерд Бахарэвіч, беларуская літаратура вельмі зьмянілася. І быць дэзарыентаваным у ёй вельмі проста. Называючы імёны сучасных беларускіх літаратараў – Вальжына Морта, Андрэя Адамовіча, Паўла Касьцюкевіча, Марыі Мартысевіч, Сяргея Календы, Валера Гапеева, – пісьменьнік увесь час перапытваў у аўдыторыі, ці ведаюць яны тое ці іншае імя, ці знаёмыя з творамі. Цалкам дасьведчаных у Віцебску выявілася ня так і многа. А некаторыя з прысутных наогул занатоўвалі новыя прозьвішчы, каб потым адкрыць для сябе новую літаратуру Беларусі.
«Якія б кнігі вы параілі чытаць дзяўчынцы, каб яна вырасла сапраўднай беларускай?» – прагучала адно з пытаньняў пасьля заканчэньня лекцыі: малады тата даверыў густу пісьменьніка фармаваньне сьветапогляду свайго дзіцяці. І гэта было самым яскравым сьведчаньнем таго, што лектару паверылі.
Юлія Цімафеева чытала вершы са сваёй новай кнігі «Цырк». Як заўсёды эмацыянальна і натхнёна, дэманструючы адзін з самых тонкіх прыкладаў сучаснай жаночай паэзіі. Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна, а пасьля лекцыі кнігаў, прывезеных гасьцямі, на ўсіх ахвотных не хапіла.
Завяршыліся «Барадулінкі» вячэрнім канцэртам і начным кінапаказам.
Традыцыйны фэстываль адбыўся з ініцыятывы кампаніі «Будзьма беларусамі» ў межах праекту «Творчы чацьвер» пры падтрымцы Цэнтру сучаснага мастацтва і гарадзкога выканаўчага камітэту.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2350-baradulinki-2017-prajshli-u-vitsebsku#sigProIddf7982c8ce
Барбара Церашкова, news.vitebsk.cc