Напярэдадні Радаўніцы сябры грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” наведалі ў ваколіцах Віцебску месцы расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ля крыжоў памяці і на магілы, у якіх ляжаць знойдзеныя ў часе пошукавых экспэдыцыяў парэшткі рэпрэсаваных, актывісты ўсклалі кветкі, запалілі памінальныя зьнічкі.

Міністэрства адукацыі адказала на пэтыцыю з патрабаваньнем адстаўкі рэктара ВДУ імя Машэрава Аляксея Ягорава. Аўтары пэтыцыі закідалі Ягораву правядзеньне на Дзень роднай мовы ў падпарадкаваным яму ўнівэрсытэце імпрэзаў, прысьвечаных “родному русскому языку”. Пад зваротам пакінулі подпісы 310 чалавек.

Бацькі і сваякі асуджаных паводле “наркатычнага” артыкулу 328 разам з настаўнікамі і вучнямі віцебскай СШ №24 высадзілі за гіпэрмаркетам “Карона” ў Віцебску бярозавую алею.

У нядзелю 24 сакавіка, пасьля агульнагарадзкога суботніка, арганізаванага ўладамі, віцебскія актывісты “Руху маці 328” правялі свой уласны суботнік па ачыстцы гораду ад наркарэклямы. Назвалі гэта апэрацыяй “Замест тысячы слоў!”

Віцебскі актывіст Андрусь Кешанюк зрабіў першую ў рэгіёне інтэрактыўную мапу месцаў сталінскіх расстрэлаў. Пазначыў на ёй вёскі Паляі, Хайсы, “25-ты кілямэтар па Гарадоцкай шашы”, дзе, паводле ўспамінаў старажылаў і дасьледаваньняў гісторыкаў, у 1930-я гады расстрэльвалі мірных жыхароў, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.