Мінадукацыі ў адказе на зварот паведаміла, што ад 14 па 22 лютага ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце былі “праведзеныя пэўныя мерапрыемствы, якія былі прысьвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы”. Згадваецца віктарына “Чаму я люблю беларускую мову?”, прэзэнтацыя зборніка аматарскіх беларускіх казак, конкурс відэаролікаў “Мова гучыць”, фотавыстава “Мая малая радзіма”. Гаворыцца пра правядзеньне ў ВДУ II Міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі “Феномен родного языка”, “адна з сэкцый якой была прысьвечаная беларускай мове”. Згадваецца, што 21 лютага ў абласной бібліятэцы “адбылася дыктоўка па беларускай мове”.
Пра імпрэзы, якія ладзіліся ў ВДУ ў гонар расейскай мовы як роднай, Міністэрства адукацыі ня згадвае. Тым ня менш абяцае прапанову аб звальненьні рэктара ўзяць да ведама.
“Вашая прапанова аб звальненьні У.А. Ягорава, рэктара ўстановы адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П.М. Машэрава, прынятая да ведама”, – піша ў адказе намесьніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.
“Услаўленьне расейскай мовы ў якасьці роднай у беларускай ВНУ мы расцэньваем ня інакш як зьдзек над патрыятычнымі пачуцьцямі беларускага народу, як абразу нацыянальнай годнасьці беларусаў”, – гаварылася ў пэтыцыі. Зварот у Міністэрства адукацыі склаў віцебскі палітык Хрыстафор Жаляпаў.
Зьміцер Міраш