Аўтар пэтыцыі віцебскі палітык Хрыстафор Жаляпаў закідае рэктару ВДУ Аляксею Ягораву, што ў Дзень роднай мовы 21 лютага ва ўнівэрсытэце, які ён узначальвае, ладзіліся імпрэзы ў гонар “родного русского языка”. Мерапрыемствы праходзілі пры падтрымцы фонду “Русский мир” на катэдры сусьветных моваў філфаку ВДУ, якую ўзначальвае былая кіраўнічка Ўкраінска-расейскага саюзу Ірына Зайцава. У 2014 годзе Зайцаву, як “агрэсіўную ўкраінафобку і карупцыянэрку” (так яе назвалі прадстаўнікі ўкраінскай інтэлігенцыі ў звароце да ўладаў), звольнілі з Кіеўскага пэдунівэрсытэту. Тады яна перабралася ў Віцебск.
На думку Жаляпава, тое, што адбылося на Дзень роднай мовы, было “дэманстрацыяй антыпатрыятычных настрояў, якія, атрымліваецца, пануюць у падпарадкаванай яму (Ягораву - ВВ) вышэйшай навучальнай установе”.
“У гэты дзень шматлікія арганізацыі і ўстановы Рэспублікі Беларусь ладзілі імпрэзы, прысьвечаныя роднай беларускай мове. Дзень роднай мовы стаў нацыянальным сьвятам у працоўных, студэнцкіх, вучнёўскіх калектывах, і людзі падчас імпрэзаў у гонар беларускай мовы адчувалі сябе сапраўднымі патрыётамі, навучаліся ганарыцца гісторыяй і культурай Беларусі, аддавалі даніну памяці продкаў, якія ў войнах і нягодах здабылі сёньняшнюю незалежнасьць Рэспублікі Беларусь.
І толькі віцебскі ўнівэрсытэт зьняславіў сябе на ўсю краіну тым, што змусіў выкладчыкаў і студэнтаў услаўляць чужую мову замест роднай”, – гаворыцца ў пэтыцыі.
“Услаўленьне рускай мовы ў якасьці роднай у беларускай ВНУ мы расцэньваем не інакш як зьдзек над патрыятычнымі пачуцьцямі беларускага народу, як абразу нацыянальнай годнасьці беларусаў”, – піша аўтар звароту.
Віцябляне патрабуюць адстаўкі рэктара ВДУ Ягорава, бо імпрэзы, якія праводзіліся зь ягонай згоды, былі скіраваныя “супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь” і “рыхтуюць глебу для дэстабілізацыі ў грамадзтве”.
Патрабуюць таксама забараніць умяшаньне замежных грамадзкіх арганізацыяў і фондаў ва ўнутранае жыцьцё беларускіх навучальных установаў.
“Мы хочам, каб у нашых ВНУ выхоўваліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, а не касмапаліты з няўцямнымі поглядамі на ідэалягічна важныя складнікі грамадзкага жыцьця”, – гаворыцца ў калектыўным звароце, які будзе накіраваны ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта РБ.
Пэтыцыю можна падпісаць да 10 красавіка.
Зьміцер Міраш