Серада, 04 Жнівень 2021

«Мае дэструктыўны характар». На якой падставе ліквідуюць наваполацкі «ІніцыАрт»?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Мясцовыя ўлады вырашылі, што гэтая грамадзянская ініцыятыва, якая актыўна працавала ў прасоўванні культурных і гендарных праектаў у Полацкім рэгіёне, мусіць быць ліквідаваная, бо яе дзейнасць носіць дэструктыўны характар і прыносіць шкоду грамадству і дзяржаве.

У рэчаіснасці інфармацыйная-культурніцкі цэнтр “ІніцыАрт” дапамагаў жыхарам рэгіёну рэалізоўваць ідэі, падвышаў ролю грамадзянскіх ініцыятыў у развіцці Полацкага рэгіёну. Многім запомніліся мерапрыемствы, якія праводзіліся арганізацыяй у межах ініцыятывы па развіцці беларускай мовы «Жывая мова». Падчас рэалізацыі ініцыятывы "Ля вакна" праводзіліся індывідуальныя псіхалагічныя кансультацыі для жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

У межах праекту "Мова Жанчын" удзельніцам давалася магчымасць атрымаць навыкі пабудовы ўзаемаадносін з іншымі людзьмі. Праект дапамагаў удзельніцам усвядоміць розныя мадэлі паводзінаў, пераадольваць страхі, слабасці і пачуццё віны.

Як відаць з пералічаных спраў, інфармацыйна-культурніцкі цэнтр займаўся канкрэтнай дапамогай людзям, на якіх ва ўладаў не было ані часу, ані жадання вырашаць звычайныя жыццёвыя праблемы.

Тым не менш, арганізацыя трапіла ў лік «непажаданых» і «шкодных» і ў бліжэйшы час будзе ліквідаваная.

Лявон Яфрэменка