За больш пяцігадовы перыяд свайго існавання «Прастора» ператварылася ў вядучае грамадскае аб'яднанне Віцебску, якое прадуктыўна працавала ў сферы ўрбаністыкі. Нагадаем хаця б пра праект «Устойлівае гарадское кіраванне: практыкі партнёрства». Ён быў накіраваны на абʼяднанне намаганняў гарадскога ўпраўлення і экспертных арганізацый, прадстаўнікоў рабочай групы ініцыятывы «Пагадненне мэраў у Віцебску» і іншых зацікаўленых супольнасцяў.
Да таго ж гэты праект быў зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Ўпраўлення справамі Прэзідэнта РБ, і яму было прысвоена пасведчанне ад 24.11.2020 №13-08 / 155.
Магчыма, прычынай ліквідацыі «Прасторы» стала тое, што партнёрам у праекце было германскае Таварыства па міжнародным супрацоўніцтве, а фінансаваў яго, у межах падтрымкі Беларусі, Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.
«Мы застаемся супольнасцю экспертаў і журналістаў, арт-куратараў і дызайнераў, урбаністаў і архітэктараў, якія змяняюць культурныя і прасторавыя ландшафты гарадоў Беларусі!» - напісалі віцебскія ўрбаністы.
Лявон Яфрэменка