Апошнім прыкладам падобнай контрпрадуктыўнай дзейнасці дзяржавы стала закрыццё сацыяльна-культурнай установы "Мова Нанова", якая прапагандавала беларускую мову як сродак камунікацыі беларусаў, усяляк развівала беларускую культуры і натхняла беларусаў на саматоеснасць сярод славянскіх народаў.
Адна з вядоўцаў курсаў "Мова Нанова Віцебск" Таццяна Дубоўская на пытанне, што рабіць далей, раіць працягваць размаўляць па-беларуску і любіць Беларусь. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
“Сябры! Хутчэй за ўсё вы сочыце за навінамі і ўжо ведаеце, што сацыяльна-культурную ўстанову "Мова Нанова" ліквідавалі. Мы, вядоўцы курсаў удзячныя ўсім, хто быў з намі 7 год. Мы ўдзячныя гасцям, якія знаходзілі час, каб завітаць да нас.
Вялікая просьба да вас, шаноўныя слухачы: не губляйцеся! Мы заўсёды побач і гатовыя прыйсці вам на дапамогу ў моўных пытаннях!
Мова Нанова - гэта тысячы людзей, якія за 7 гадоў прайшлі праз курсы. І атрыманыя веды ды любоў да беларушчыны немагчыма ліквідаваць.
Што рабіць далей? Размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, вывучаць нашую вялікую мову, гісторыю і культуру. Пасля кожнай ночы наступае дзень, і пасля гэтай цёмнай ночы дзень наступіць абавязкова таксама.
Усім шчасця, здароўя і кахання! Пахне чабор!”, - напісала Таццяна Дубоўская.
Падрыхтаваў Віталь Кажух