Чацвер, 30 Красавік 2020

Актывісты ўшанавалі памяць аб ахвярах сталінізму, расстраляных у лесе пад Хайсамі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

30 красавіка сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» наведалі народны мэмарыял, каб памянуць расстраляных там у 30-я гады беларускіх грамадзянаў. Праз эпідэмію каронавірусу візыт быў не шматлюдным.

На лютаўскім сходзе ў Віцебску сябры ініцыятывы вызначылі дзень 30 красавіка як Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, забітых у лясным масіве ля Хайсоў.

Актывісты высьветлілі, што 30 красавіка 1938 году ў лесе пад Хайсамі была расстраляная 28-гадовая віцебская настаўніца Вольга Данцыт. Яе імя ўдалося вярнуць зь нябыту дзякуючы знойдзенаму ў адной з пахавальных ямінаў грабеньчыку з надпісам. Таму памінальная дата была вызначана невыпадкова. Было вырашана штогод у гэты дзень наведваць мэмарыял, створаны актывістамі ў ваколіцах аднайменнай вёскі, і ўшаноўваць памяць ахвяраў сталінізму.

Старшыня грамадзянскай ініцыятывы « Хайсы» Ян Дзяржаўцаў прыгадаў ля магілы Вольгі Данцыт, што пасьля таго, як імя і прозьвішча ўладальніцы грабеньчыка было высьветленае, улады пачалі аспрэчваць дакладнасьць агучанай актывістамі інфармацыі. Маўляў, там мог быць пахаваны і нехта Данцыг.

Ян Дзяржаўцаў каля магілы Вольгі Данцыт

«Мы пачалі шукаць і высьветлілі, што чалавек з такім прозьвішчам сярод рэпрэсаваных ёсьць. Праўда, ён – мужчына зь Берасьця. Але ж ці мог ён мець жаночы грабеньчык у сваіх валасах? Таму мы дакладна ведаем, што тут была забітая настаўніца 30-й віцебскай школы», – перакананы Ян Дзяржаўцаў.

Грамадзкія актывісты па чарзе агучылі прозьвішчы і кароткія біяграфічныя зьвесткі ўсіх 65 грамадзянаў, рэпрэсаваных у адзін дзень з Вольгай Данцыт.

Сябры ініцыятывы ўсклалі кветкі і запалілі зьнічкі і ў іншых месцах мэмарыялу.

«Сёньня, не зважаючы на абставіны, захоўваючы ўсе меры перасьцярогі, мы прыехалі сюды. І няхай забітыя – ня нашыя сваякі, але яны – беларускія грамадзяне. Мы ўшаноўваем памяць ахвяраў тэрору, каб людзі не забыліся на рэпрэсіі і каб гэтыя злачынствы не паўтарыліся. Гэтага нельга дапусьціць, бо беспакаранасьць і бяспамяцтва – добрая глеба для новых злачынстваў», – адзначыў Ян Дзяржаўцаў.

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.