Панядзелак, 20 Красавік 2020

Віцябляне патрабуюць спыніць марнаваньне мільёнаў рублёў на агароджы і дошку гонару

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Дошка гонару на пл. Леніна ў Віцебску. Фота: TUT.BY Дошка гонару на пл. Леніна ў Віцебску. Фота: TUT.BY

Пэтыцыя з патрабаваньнем адмовіцца ад немэтазгодных выдаткаў з гарадзкога бюджэту на працы, якія каштуюць мільёны рублёў, будзе накіраваная 21 красавіка ў Віцебскі гарвыканкам і гарадзкі Савет дэпутатаў. Зварот падпісалі больш за 300 віцяблян.

«Можа, варта задумацца пра траты ў такі час, калі людзі зьбіраюць грошы лекарам на ежу і сродкі засьцярогі, і гарадзкому савету дэпутатаў зьмяніць інвэстыцыйную праграму, а ўладай, дадзенай арт. 17 Закону «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь», скасаваць рашэньне гарвыканкаму?» – гаворыцца ў пэтыцыі.

Аўтары і падпісанты пэтыцыі выказваюцца супраць марнаваньня бюджэтных сродкаў на добраўпарадкаваньне плошчы Свабоды ў Віцебску і сквэру на вуліцы Кірава, а таксама ўзьвядзеньня на плошчы Перамогі новай дошкі гонару, кошт якой сягае 130 тыс. рублёў. Заўважаюць, што ў Віцебску ўжо маецца дошка гонару (на плошчы Леніна), і яе тэрмін эксплуатацыі яшчэ далёка ня скончыўся (была адкрытая ў 2007 годзе).

«Наш горад не настолькі багаты, каб усё гэта дазволіць сабе. У горадзе існуе нашмат больш злабадзённых праблем, зьвязаных з добраўпарадкаваньнем і дарожнай сеткай», – запэўніваюць аўтары звароту.

Замест таго, каб мяняць чыгунныя агароджы на вуліцы Кірава і на плошчы Свабоды ды ўсталёўваць чарговую дошку гонару, грамадзяне прапануюць перанакіраваць грошы на вырашэньне такіх, напрыклад, праблем, як падаўжэньне праспэкту Будаўнікоў (да Білева) і вуліцы Церашковай (да вул. Гагарына), рэканструкцыю вул. Гагарына, будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага садку ў мікрараёне Білева, забесьпячэньне віцебскіх паліклінік апаратамі МРТ і г.д.

Падпісаць пэтыцыю анлайн можна на інтэрнэт-пляцоўцы «Зручны горад».

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.