Тэкст дыктоўкі чытаў дацэнт ВДУ імя Машэрава і старшыня абласной арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” (ТБМ) Юрась Бабіч. У прадмове ён зазначыў, што Дзень роднай мовы – гэта “дзень своеасаблівага яднаньня, калі ўсе разам мы можам далучыцца да вялікага беларускага слова”.
“І гэта вельмі важна. Бо гэта своеасаблівы сымбалічны жэст, які падкрэсьлівае нашую неабыякавасьць, нашую любоў да роднага слова, гісторыі нашай вялікай дзяржавы, да вялікай яе гісторыі”, – сказаў старшыня абласной арганізацыі ТБМ.
Агульнанацыянальная дыктоўка на Дзень роднай мовы праводзілася ў Віцебску ў 12-ы раз. Па традыцыі апошніх гадоў яе ладзілі ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Удзел у дыктоўцы ўзяла больш за 70 жыхароў Віцебску (летась было каля 50) – студэнты, дарослыя, пэнсіянэры. Прадстаўнікоў мясцовай улады ў зале мы не заўважылі.
Разам з усімі дыктоўку пісалі вядомы віцебскі дысыдэнт Барыс Хамайда, паэтка Людміла Сіманёнак, паэт-сатырык Міхась Мірановіч, старшыня абласнога аддзяленьня СБП Анастасія Лазебная, актывісты Андрусь Кешанюк і Тацяна Севярынец, вядоўца курсаў “Мова Нанова” Тацяна Дубоўская ды іншыя.
Андрусь Кешанюк
Пісалі і з дзеткамі
Эсэ “Незалежнасьць – гэта…” Уладзімер Арлоў напісаў амаль 30 гадоў таму (1990), але з кожным годам гэты твор толькі набывае актуальнасьці.
Сам Уладзімер Арлоў пазьней казаў пра свой знакаміты нарыс: “Я напісаў эсэ літаральна за нейкую гадзіну. Усё, што я выклаў на паперы, тады насілася ў паветры. Гэта быў зрэз думак і мараў тагачасных незалежнікаў. Гэтыя мары, безумоўна, шмат у чым былі наіўныя, але разам з тым і плённыя. Яны настройвалі тых людзей на адну хвалю. Я памятаю, як я чытаў гэтае эсэ ў адной зь перадач Беларускага тэлебачаньня і за кулісамі заплакалі жанчыны: рэдактарка, памочніца рэжысэра, дзяўчаты з грымёркі… І потым, калі я сышоў са студыі, адна зь іх спыталася: “Няўжо ўсё гэта будзе?” І я так упэўнена сказаў: “Абавязкова будзе!”
Уласна дыктоўцы папярэднічала літаратурная частка, падчас якой віцебскія паэты і студэнты чыталі вершы, выступіў фальклёрны калектыў пэдагагічнага факультэту ВДУ імя Машэрава “Вясёлка”.
У сваёй прамове віцебская паэтка Людміла Сіманёнак, віншуючы ўсіх са сьвятам матчынай мовы, выказала аднак засмучэньне з нагоды навіны, якая прыйшла з ВДУ імя Машэрава. Там 21 лютага цалкам легальна і ўрачыста ўшаноўвалі ў якасьці роднай… расейскую мову.
Людміла Сіманёнак і Барыс Хамайда
Пісаў дыктоўку і ганаровы старшыня Віцебскай абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык
Выступае Анастасія Лазебная
Міхась Мірановіч
Юрась Бабіч
Выступае "Вясёлка" ВДУ
Зьміцер Міраш, фота аўтара