Чатыры гады таму лекар-анколяг з Санкт-Пецярбургу Ганна Клімовіч, сваякі якой некалі жылі ў мястэчку і тут пахаваныя, ініцыявала працу па ўпарадкаваньні адных з самых вялікіх габрэйскіх могілак на Беларусі. Першая экспэдыцыя са згоды мясцовай улады адбылася ў чэрвені 2015 году. Традыцыйна штогод праводзіцца па дзьве экспэдыцыі: вясеньняя (у траўні) і летняя. Працуюць тут валянтэры з Чалябінску, Пярмі, Барнавулу і іншых рэгіёнаў Расеі.
Зараз тэрыторыя былых габрэйскіх могілак знаходзіцца ў лясным фондзе Бешанковіцкага лясгасу. Клады не зьяўляюцца афіцыйным месцам пахаваньня, а працэс пераводу тэрыторыі ў статус культурна-гістарычнай каштоўнасьці няпросты. Як патлумачыла нашаму карэспандэнту Ганна Клімовіч, разуменьне праблемы і ў абласной, і ў мясцовай улады ёсьць, але прэцэдэнтаў пакуль няма, і які пакет дакумэнтаў трэба сабраць – пакуль невядома.
Кажа Ганна Клімовіч:
Трэба з чагосьці пачынаць. У расейскіх архівах мусяць захоўвацца царскія ўказы аб землеадводзе тэрыторыі пад габрэйскія могілкі. Іх неабходна шукаць.
У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласьці ўжо знойдзеныя дакумэнты пра тое, што ў 1927 годзе ішло ліставаньне з афіцыйнай уладай Віцебскай вобласьці пра дадатковае выдзяленьне ўчастку пад габрэйскія клады. Гэты факт ускосна пацьвярджае, што клады былі агульнапрызнаным месцам, а не самазахопленым. Захавалася і частка гістарычнай абвалоўкі могілак.
Спадзяюся, што статус культурна-гістарычнай каштоўнасьці гэтым могілкам нам удасца раней ці пазьней надаць. І тады гэта будзе сапраўднае гістарычнае месца, якім на тэрыторыі Беларусі пахваліцца могуць нямногія мястэчкі. Так атрымалася, што мацэвы (габрэйскія надмагільныя пліты – рэд.) могілак захавалі лес, а лес часткова захаваў надмагільныя камяні.
Хочацца адзначыць, што раённыя ўлады ідуць насустрач ва ўсім, што яны могуць зрабіць у межах сваёй кампэтэнцыі.
Знайшла Ганна Клімовіч на могілках і мацэву свайго прапрадзеда, пахаванага у лютым 1937 году. Акрамя таго, так сталася, што сярод васьмі ахвяраў пажару 1922 году, пахаваных на могілках, шасьцёра – яе сваякі. Прабабуля страціла маці, мужа, дваіх дзяцей і дзьвюх пляменьніц. На мацэве напісана, што надмагільле ўсталяванае ў памяць тых людзей, якія ня здолелі ўратавацца ад пажару.
Краязнаўца Станіслаў Леаненка лічыць, што могілкі можна датаваць 1772 годам, бо менавіта гэтая дата зафіксавана на самым старым пахавальным камені. Могілкі вялікія. Згодна з дакумэнтамі лясгасу, яны займаюць чатыры гектары лесу. На цяперашні час выяўлена 1300 надмагільляў, кожнаму зь якіх прысвоены свой асабовы нумар.
Згодна са статыстычнымі зьвесткамі 1902 году, з 4 тысячаў бешанковіцкіх жыхароў габрэі складалі 3000. Дэмаграфічную карціну зьмяніла вайна, пасьля якой у Бешанковічах засталося ўсяго 20-30 чалавек зь некалі вялікай габрэйскай грамады. Дзейнічала грамада да 1965 году, калі памёр апошні неафіцыйны яе кіраўнік Лазар Мінцэнгендлер. Пасьля ягонай сьмерці ўжо ніякіх агульных справаў грамада ўжо ня ладзіла.
Самае апошняе пахаваньне на могілках датуецца 1968 годам.
У могілак няма агароджы, іх сымбалічнай брамай зьяўляюцца інфармацыйныя шчыты, на якіх на чатырох мовах – беларускай, расейскай, ангельскай і іўрыце – распавядаецца кароткая гісторыя бешанковіцкай габрэйскай грамады.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2838-valyantery-z-rasei-uparadkouvayuts-gabrejskiya-klady-na-uskraine-beshankovichau#sigProIde3d39120c6
С. Горкі