У сваёй скарзе ў абласны суд Ян Дзяржаўцаў адзначыў, што закон аб пахаваньні тлумачыць неабходнасьць дзеяньняў, зьвязаных са сьмерцю людзей у мірны час, калі дазвол на пахаваньне выдаецца пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія зьмяшчаюць пашпартныя дадзеныя і канстатуюць прычыны сьмерці нябожчыка. Але ж у ягоным выпадку вядзецца пра пахаваньне чалавечых фрагмэнтаў, якія былі захаваныя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі і аказаліся на паверхні праз работы чорных капальнікаў і вайскоўцаў пошукавага батальёну. Увага суду была зьвернутая і на тое, што ў законе нідзе ня згадваецца такое паняцьце, як “ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў”, высьветліць прозьвішчы якіх у цяперашні момант не ўяўляецца магчымым. Фактычна гэта не было пахаваньне, якое ўпісвалася б у вызначаную заканадаўствам прававую лёгіку.
І ў 2015-м, і ў 2017 годзе актывісты зьвярталіся да ўладаў з просьбай пахаваць знойдзеныя ва ўрочышчы Хайсы парэшткі ахвяраў сталінізму непасрэдна на тым месцы, дзе яны былі знойдзеныя. Аднак ніводзін зварот сяброў ініцыятывы ня быў пачуты, таму і было прынятае рашэньне ўпарадкаваць знойдзеныя парэшткі самастойна без усялякіх узгадненьняў. Як гаворыцца ў скарзе, парэшткі былі пахаваныя згодна з чалавечым сумленьнем і хрысьціянскім звычаем.
Таксама Ян Дзяржаўцаў зьвярнуў увагу судзьдзі Андрэя Прэйса на палітычную матываванасьць рашэньня, вынесенага судом Віцебскага раёну:
– Чаму ў гэтым выпадку ахвярным казлом робяць менавіта Яна Дзяржаўцава? Я патлумачу вам чаму. Таму што гэта звычайнае пакараньне за актыўную дзейнасьць сяброў ініцыятывы. Цяпер улады ў Беларусі шануюць Сталіна і ягоных памагатых – энкавэдэшнікаў. Пачынаючы з 2014 году, мы імкнёмся ўшанаваць памяць рэпрэсаваных беларусаў, а ўлады ўвесь час нам перашкаджаюць: фальсыфікуюць факты, даюць загады на зьнішчэньне крыжоў, пастаўленых намі на месцах забойстваў…
Аналіз трох судовых працэсаў, датычных маёй асобы, яскрава паказвае жаданьне ўладаў пакараць мяне па палітычных матывах як старшыню грамадзкай ініцыятывы. Я пратэстую супраць майго перасьледу па палітычных матывах і маючага адбыцца несправядлівага пакараньня падчас разгляду маёй скаргі. Я не прызнаю сябе вінаватым. І віны маёй у тым, што сябры ініцыятывы годна ўшанавалі памяць рэпрэсаваных, ня бачу.
Разгледзеўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Дзяржаўцава Яна Аляксеевіча і праверыўшы довады, пададзеныя ў скарзе, а таксама выслухаўшы тлумачэньні самога скаржніка, судзьдзя Андрэй Прэйс пакінуў пастанову судзьдзі суду Віцебскага раёну ад 6 лютага 2018 году бязь зьменаў, а скаргу спадара Дзяржаўцава без задавальненьня.
Акрамя згаданага, варта таксама адзначыць і тое, што ніводнага з хадайніцтваў кіраўніка ініцыятывы “Хайсы” судзьдзя не задаволіў. Спачатку спадар Дзяржаўцаў хадайнічаў пра вядзеньне працэсу на беларускай мове, а потым, калі хадайніцтва не было задаволенае, намагаўся прыцягнуць да ўдзелу беларускамоўнага перакладчыка – аднак і гэтая просьба была адхіленая. Гэткае грэблівае стаўленьне да яго, як носьбіта беларускай мовы, Ян Дзяржаўцаў палічыў адзнакай дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы.
С. Горкі