Субота, 28 Лістапад 2026

Студэнтаў ВДУ імя Машэрава змусілі глядзець дакументальны фільм БТ пра рэферэндум 1996 года

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прагляд арганізавалі ва ўсіх інтэрнатах універсітэта, і студэнты, якія там жывуць, мусілі глядзець фільм “Законы для жизни: 30 лет Национальному собранию” у абавязковым парадку.

Галоўнымі вынікамі рэферэндуму, які прайшоў 24 лістапада 1996, стала змяненне Канстытуцыі на карысць пашырэння правоў прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка займеў магчымасць выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону, а таксама распускаць парламент, фармаваць урад і аднаасобна і прызначаць кіраўнікоў ключавых дзяржаўных органаў, уключаючы суддзяў і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Апроч гэтага, пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта пачаў адлічвацца нанова з моманту ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі ў лістападзе 1996 года (фактычна падоўжыўшы першы тэрмін Аляксандра Лукашэнкі на два гады — да 2001 года).

Аднак у фільме усё, што адбывалася тады і ў наступныя 30 год, прадстаўлена як трыумф народаўладдзя і клопат кіраўніцтва краіны пра шэраговых беларусаў.

Дарэчы, пратэстныя падзеі 2020 года паказаны ў “дакументальнай” стужцы вельмі своеасабліва: там ні слова не гаворыцца пра тое, што людзі пратэставалі супраць вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, патрабуючы сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Стваральнікі фільма назвалі шматтысячныя пратэсты проста “падзеямі ў палітычным жыцці краіны” і “выпрабаваннем на беларусах найноўшых тэхналогій псіхалагічнага ўплыву”.

Аляксандр Ставінскі