Для прысутных на працэсе прыемнай неспадзяванкай стала намаганьне судзьдзі весьці працэс па-беларуску. Тым ня менш гэта не перашкодзіла кіраўніку грамадзкай ініцыятывы выказаць суду недавер. Маўляў, калі судзьдзяў прызначае нелегітымны прэзыдэнт, то ўсе яны – нелегітымныя. Судзьдзя, аднак, палічыла, што такі аргумэнт ня можа служыць падставай для яе адводу і распачала разбор справы.
Сьвятлана Іванова нагадала, што пастановай суду Віцебскага раёну ад 20 сьнежня мінулага году судзьдзя Міхаіл Зубеня прыцягнуў Яна Дзяржаўцава да адміністрацыйнага спагнаньня паводле артыкулу 23.43 КаАП (самавольнае пахаваньне ў месцах, не прадугледжаных заканадаўствам). У выніку той атрымаў штраф памерам у пяць базавых велічыняў (115 рублёў).
З той пастановай суду Ян Дзяржаўцаў не пагадзіўся і ў сваёй скарзе на яе напісаў, што пахаваў парэшткі, зыходзячы з чалавечай пазыцыі і з той акалічнасьці, што мясцовыя ўлады ўхіліліся ад выкананьня сваіх абавязкаў. Акрамя таго, грамадзкі актывіст заявіў, што падчас працэсу ў судзе першай інстанцыі было парушана ягонае права на абарону. Бо суд праігнараваў заключаную і аплачаную на той час дамову зь менскім адвакатам, які 20 сьнежня праз прафэсійныя абставіны ня мог прысутнічаць на судзе ў Віцебску. Грамадзкі актывіст адзначыў у скарзе, што судзьдзя Зубеня вынес неправамернае рашэньне, а таму папрасіў гэтае рашэньне адмяніць, а справу спыніць.
Тлумачачы ў абласным судзе сваю пазыцыю, Ян Дзяржаўцаў сказаў, што судзіць трэба не яго, а старшыню Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніда Дубіну, бо гэта ён не зрабіў належных захадаў дзеля пахаваньня знойдзеных парэшткаў. У сувязі з гэтым судзьдзя Іванова пацікавілася, чаму кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» не папярэдзіў Леаніда Дубіну пра намер правесьці пахавальнае мерапрыемства. Актывіст адказаў, што пахаваньне парэшткаў без папярэджаньняў тлумачыцца загадзя вядомай пазыцыяй мясцовых уладаў, якая застаецца нязьменнай з 2015 году: у лесе, маўляў, ляжаць ахвяры нямецкіх акупантаў. Але такое сьцьверджаньне супярэчыць рэчаіснасьці. Ян Дзяржаўцаў зазначыў, што ён не перавозіў чалавечыя парэшткі за межы расстрэльнага лесу, які, па сутнасьці, увесь зьяўляецца вялікім могільнікам, а пахаваныя актывістамі фрагмэнты шкілетаў былі сабраныя пасьля працы 52-га пошукавага батальёну. Зыходзячы зь пералічаных фактаў, актывіст палічыў, што ў ягоных дзеяньнях няма складу правапарушэньня.
Судзьдзя Іванова з адказнасьцю паставілася да разгляду акалічнасьцяў справы. Яна падрабязна распытвала пра нюансы і давала магчымасьць скаржніку выказацца, перапыняючы яго толькі для пэўных удакладненьняў.
Калі ж Ян Дзяржаўцаў згадаў пра дамову, заключанаю зь менскім адвакатам, паслугамі якога судзьдзя Зубеня не дазволіў скарыстацца, судзьдзя Іванова запатрабавала ад спадара Яна квітанцыю аб аплаце. Знайсьці квітанцыю адразу не ўдалося, таму скаржнік выказаў хадайніцтва пра перапынак. Хадайніцтва было задаволенае.
Пасьля перапынку Сьвятлана Іванова скасавала пастанову суду Віцебскага раёну аб прыцягненьні кіраўніка ініцыятывы «Хайсы» да адміністрацыйнай адказнасьці і накіравала справу на новы разгляд. Такім чынам было прызнана, што судзьдзя Міхаіл Зубеня не дазволіў грамадзяніну скарыстацца правам на абарону, чым парушыў заканадаўства. Новы разгляд справы ў судзе першай інстанцыі будзе весьціся ўжо іншым судзьдзём.
С. Горкі