Чацвер, 18 Ліпень 2019

Кароткае замыканьне на АЭС у Расеі. У Віцебску падвысіўся радыяцыйны фон

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота: A.Savin (Wikimedia commons) Фота: A.Savin (Wikimedia commons)

На Калінінскай атамнай электрастанцыі ў Цьвярской вобласьці Расеі адключылі тры энэргаблёкі з чатырох з прычыны кароткага замыканьня, пашкоджаньняў абсталяваньня на самой станцыі няма.​ У Беларусі радыяцыйны фон у параўнаньні з 17 ліпеня павялічыўся толькі ў Віцебску на 1 мікрарэнтген у гадзіну і склаў 11 мікрарэнтген у гадзіну, піша Радыё Свабода.

Як паведамляе выданьне са спасылкай на ТАСС, першы, другі і чацьвёрты энэргаблёкі Калінінскай АЭС адключылі дзеяньнем абароны а 5.02 паводле маскоўскага часу. Сумарнае заніжэньне працоўнай магутнасьці станцыі ў выніку склала 3 ГВт. Ніякіх наступстваў для спажыўцоў электраэнэргіі пасьля спыненьня блёкаў не назіраецца. Падачу электрычнасьці аднавілі за кошт рэзэрваў.

Энэргаблёкі адлучыліся ад сеткі з прычыны адключэньня лініі электраперадачы, якое адбылося ў выніку кароткага замыканьня на адным з выключальнікаў трансфарматара. Паводле канцэрну "Росэнергоатом", адключэньне энэргаблёкаў ад сеткі не зьвязана з працай асноўнага абсталяваньня станцыі. У дыспэтчарскай службе станцыі адзначылі, што чацьвёрты блёк адключылі з прычыны прарыву ўшчыльняльніка кандэнсатара турбіны № 2.

Ці зьмяніўся радыяцыйны фон?

У Расеі радыяцыйны фон знаходзіцца ў норме.​
 
Радыяцыйны фон у параўнаньні з 17 ліпеня павялічыўся толькі ў Віцебску на 1 мікрарэнтген у гадзіну і склаў 11 мікрарэнтген у гадзіну, паведаміў дзяжурны сыноптык Белгідрамэту.
Аднак, паводле яго, з практыкі шматгадовых вымярэньняў, перавышэньні радыяцыйнага фону да 20 мікрарэнтген у гадзіну не выклікаюць асьцярогі. У іншых населеных пунктах Віцебшчыны радыяцыйны фон складае 10 мікрарэнтген у гадзіну.
 
Паводле ТАСС, тры адключаныя энэргаблёкі могуць падлучыць да сеткі 19 ліпеня. Гэта адбудзецца пасьля высьвятленьня прычын інцыдэнту на станцыі.
 
Калінінская АЭС знаходзіцца ў амаль 360 кілямэтрах ад беларуска-расейскай мяжы каля гораду Ўдомля. Электрастанцыю ўвялі ў эксплюатацыю ў траўні 1984 году. Агульная магутнасьць чатырох энэргаблёкаў АЭС — 4000 мэгават.