“Улічваючы, што Наваполацкі рэгіён зьяўляецца адным з экалягічна неспрыяльных у краіне, спатрэбіцца прыняцьце адпаведных праектных рашэньняў і дадатковых прыродаахоўных захадаў, што прывядзе да істотнага падаражэньня праекту будаўніцтва катлаагрэгата для спальваньня нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ.
Улічваючы выкладзенае і беручы пад увагу выяўленыя пры правядзенні грамадзкіх абмеркаваньняў нэгатыўнае стаўленьне грамадзянаў і мясцовай выканаўчай улады, Мінэнэрга інфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб немэтазгоднасьці ў існых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекту па спальваньні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ”, – гаворыцца ў адказе намесьніцы міністра энэргетыкі Вольгі Пруднікавай.
“Выдатная навіна: Наваполацак адбіўся ад пабудовы катла па спальваньні нафтавага коксу!” – адрэагаваў на паведамленьне Мінэнэрга праваабаронца і актывіст кампаніі “За чыстае паветра Наваполацку” Дзьмітры Салаўёў.
Нагадаем, што ў 2019 годзе актывісты і эколягі зьбіралі подпісы пад некалькімі электроннымі зваротамі ў дзяржаўныя органы, пратэстуючы супраць праекту спальваньня коксу на Наваполацкай ЦЭЦ. Пад першай пэтыцыяй “Прадухілім экалягічную катастрофу ў Наваполацку” падпісалася амаль 1800 чалавек. У тым ліку дзякуючы такой актыўнасьці грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб АУНА гэтага праекту былі прыпыненыя.
Раней мы пісалі, што агульныя выдаткі рэалізацыі праекту маглі скласьці больш за 1 млрд. даляраў. Экалягічныя ж наступствы меркаванага будаўніцтва маглі быць сапраўды катастрафічнымі.
Зьміцер Міраш