Удзельнікі акцыі саджалі дрэвы на пляцоўцы за ТЦ “Карона” (каля дому па Маскоўскім праспэкце 107, корп.1) – у працяг зялёнай зоны, якую заклалі яшчэ ўвесну. Цяпер там будзе сапраўдны парк.
“Ня горш, чым у нейкіх сталіцах”
“Тры гады таму, калі ўспомніць, што тут было, – то ўсе плакалі, бо ўсюды была пустэльня. А зараз – цудоўнае месца. Ня горш, чым у нейкіх сталіцах”, – заўважае адзін з арганізатараў акцыі Ільля.
Удзельніца "Самасаду" крочыць з саджанцам у руках
Паводле ягоных падлікаў, віцебскі “Самасад” цягам 5 гадоў пасадзіў у горадзе больш за 1000 дрэваў (гэта толькі тыя, што прыжыліся).
Самыя маштабныя акцыі былі праведзеныя ў 2014-2016 гадах, калі ўздоўж Новааршанскай шашы валянтэры высадзілі каля 1000 дрэваў, зь якіх 800 прыняліся і дагэтуль жывыя. Што праўда, з восені 2016-га “Самасад” браў вымушаную паўзу, аж пакуль сёлета не выявіў чарговую актыўнасьць.
“Нават дворнікі з намі ў “змове”
“Сёлета вырашылі, што трэба ўзнаўляць працу, бо надвор’е цудоўнае. Хаця насамрэч на гэта нас натхнілі і зьмены, якія адбываюцца ў Віцебску. Прынамсі ў Першамайскім раёне была сёлета высаджаная велізарная колькасьць дрэваў. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў, каб столькі садзілі дрэваў. І гэта нас натхніла”, – тлумачыць Ільля.
Зранку 14 кастрычніка ў Віцебску панаваў туман
Ён сьцьвярджае, што “Самасад” ня дзейнічае самавольна. На пасадку дрэваў быў атрыманы дазвол адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску і “Зелянгасу”.
“Так, горад пайшоў нам насустрач. Тут і ваду нам падвезьлі і транспарт далі, каб перавезьці саджанцы. Нават дворнікі з намі тут у “змове”, – гаворыць Ільля.
Каб людзі ставіліся інакш…
На самым пачатку ў акцыі бралі ўдзел каля 30 чалавек. Да іх потым далучаліся мясцовыя жыхары ды звычайныя мінакі, так што лапат сапраўды не хапала.
Сярод “самасадаўцаў” было шмат дзяцей, якія з задавальненьнем дапамагалі дарослым, а пры нагодзе давалі нырца ад бацькоў у густы білеўскі туман.
“Мы нядаўна падумалі, што калі б у нас часьцей праводзіліся падобныя акцыі, то людзі пачалі б ставіцца да гэтага зусім інакш. Вось учора, пакуль мы разьмячалі тэрыторыю, чалавек шэсьць падышло. Проста гэта здараецца вельмі рэдка. А калі і здараецца, то людзі ня ведаюць, дзе менавіта гэта ўсё адбываецца. Як прыклад, той жа суботнік: толькі 11 кастрычніка сталі вядомыя канкрэтныя пляцоўкі для пасадак…” – кажа актывіст.
Адзін з арганізатараў акцыі Ільля
Наагул, “Самасад” мае на мэце высадзіць у Беларусі 10 млн. дрэваў – па аднаму дрэву на кожнага жыхара Сінявокай.
Дрэвы, пасаджаныя закаханымі, ніколі не загінуць
Нагадаем, што 13 кастрычніка ў Віцебску прайшоў чарговы суботнік, падчас якога таксама саджалі дрэвы – у тым жа Білеве (каля “Ганны”) і ў мікрараёне Мэдцэнтар (каля радзільні №2, за анкалягічным дыспансэрам і каля дзіцячага садку №112).
Зьміцер Міраш, фота аўтара