Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка падпісаў указы, якімі прызначыў новых кіраўнікоў УУС Менскага і Віцебскага аблвыканкамаў. Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, генэрал-маёр міліцыі Віктар Сянько вызвалены ад пасады начальніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму і прызначаны начальнікам упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму. У сваю чаргу генэрал-маёр міліцыі Ігар Яўсееў вызвалены ад пасады начальніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму і прызначаны начальнікам упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму.

Набыў моц прысуд у дачыненьні да былога галоўнага бухгальтара Віцебскага цэнтральнага спартовага комплексу. Вэрдыкт суду: пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на пяць гадоў з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь паабяцала ўлічыць прапанову праваабаронцы Леаніда Сьвеціка пры дапрацоўцы праекту нарматыўна-прававога акту, накіраванага на прафіляктыку сацыяльнага ўтрыманства.

Супрацоўнікамі падразьдзяленьняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкаму і Лепельскага РАУС у выніку апэратыўна-прафіляктычных мерапрыемстваў, накіраваных на спыненьне злоўжываньняў з боку службовых асоб у сфэры будаўніцтва, у Віцебскай вобласьці выкрытая злачынная схема, у якую былі ўцягнутыя прадстаўнікі камэрцыйных структур і органаў дзяржаўнай улады.

ААТ “БелВітуніфарм” сарвала плян рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту коштам больш за Br19 млрд. Пра гэта на сумесным паседжаньні калегіі Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці па пытаньні эфэктыўнасьці плянаў мадэрнізацыі і выкарыстаньня абсталяваньня паведаміла намесьніца старшыні абласнога КДК Юлія Аўхукова.