Віктар Нікалайкін падкрэсьліў на самым пачатку важнасьць падобных сустрэчаў. Выказаў жаданьне размаўляць зь людзьмі “хоць пяць гадзінаў” і запэўніў, што ўсе агучаныя грамадзянамі пытаньні будуць узятыя пад увагу.
Пра дэмаграфію, беспрацоўе і “Дажынкі”
Прамова старшыні гарвыканкаму доўжылася гадзіну.
У Віцебску жыве зараз 379 тысячаў жыхароў. Штогадовы прырост насельніцтва складае 1,5-2 тысячы чалавек, але прырост гэты назіраецца найперш за кошт перасяленцаў зь іншых рэгіёнаў. Сьмяротнасьць у горадзе вышэйшая за нараджальнасьць на 200-400 чалавек.
Свабодных месцаў у залі не было. Фота: Сяржук Серабро
Нікалайкін запэўніў, што ў эканамічным пляне Віцебск – самадастатковы горад, які зьяўляецца донарам абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Гэтак, за першае паўгодзьдзе 2019 году ў кансалідаваны бюджэт гораду паступіла 378 мільёнаў рублёў. Зь іх у бюджэце гораду засталося толькі 117 мільёнаў. Астатнія сродкі пералічаныя ў абласны і рэспубліканскі бюджэты. Нейкая частка вяртаецца назад у выглядзе субсыдыяў.
Наўпроставыя замежныя інвэстыцыі ў асноўны капітал за паўгодзьдзе склалі 15 млн. даляраў.
Паводле мэра, сярэдні заробак на прадпрыемствах гораду за чэрвень склаў 979 рублёў (найменшы паказчык сярод абласных цэнтраў). Пры гэтым на 24-х прадпрыемствах ён меншы за 500 рублёў.
Колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных у Віцебску – каля 400 чалавек, пры тым, што ў горадзе маецца, па словах Нікалайкіна, больш за 2000 вакансіяў. Але збольшага – па працоўных спэцыяльнасьцях. Існуе праблема з уладкаваньнем грамадзян з вышэйшай адукацыяй.
Ён паведаміў таксама, што ў 2020 годзе ў Віцебску і Віцебскім раёне пройдуць абласныя “Дажынкі”.
Полацкі пуцеправод будзе вышэйшы за колішні
Кіраўнік гарвыканкаму нагадаў, што гарадзкіх дворнікаў сёлета перадалі ЖЭУ, і “парадку стала больш”. Ідзе асфальтаваньне дарог у прыватным сэктары.
Запэўніў, што будаўніцтва Полацкага пуцеправоду вядзецца поўным ходам, на яго будзе выдаткавана каля 100 мільёнаў рублёў.
Мяркуецца, што будаўніцтва завершаць да канца наступнага году. Новы пуцеправод будзе на некалькі мэтраў вышэйшы за колішні, і гэта дазволіць электрыфікаваць чыгунку ў бок мяжы з Расеяй.
Ці будуць рамантаваць вуліцу Гагарына
Не адмаўляюцца ўлады і ад добраўпарадкаваньня вуліцы Гагарына. Зьбіраюцца ўзяцца за яе пасьля пабудовы Полацкага пуцеправоду і асфальтаваньня дарог у Білеве. Вуліца Гагарына, паводле Нікалайкіна, будзе мець па тры паласы ў кожным накірунку.
Фота: Сяржук Серабро
Прывядуць у парадак і вуліца Лазо, якая цяпер не адпавядае дзейным нарматывам.
Шмат аб'ектаў, па словах Віктара Нікалайкіна, будуецца не з гарадзкога бюджэту. Сьмецьцесартавальны завод узводзіцца за кошт сродкаў “Апэратара другасных матэрыяльных рэсурсаў”. Крыты футбольны манэж будуюць за кошт спонсараў ФК “Віцебск”, а штучнае пакрыцьцё і базавае абсталяваньне купляе фэдэрацыя футболу. А напрыклад, будынак КДБ узводзіцца за кошт рэспубліканскага бюджэту.
Сафійскі сабор пабудуюць каля “Беларусі”?..
Сказаў старшыня гарвыканкаму пра новую школу ў мікрараёне Білева. Яе мяркуюць пабудаваць да 1 верасьня 2020 году. Зараз разглядаецца пытаньне аб пабудове ў Білеве яшчэ аднаго дзіцячага садку.
Расказаў, што гарадзкія ўлады пераканалі праваслаўную царкву адмовіцца ад ідэі будаўніцтва Сафійскага сабору ў парку Партызанскай славы. Для гэтых мэтаў прапанаваная пляцоўка на беразе Дзьвіны каля гандлёвага цэнтру “Беларусь”.
Пра перайменаваньне цэнтральных вуліц
Пытаньняў да старшыні Віцебскага гарвыканкаму прагучала багата.
Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Уладзімер Булаўскі прапанаваў стварыць на вялікай, але непрывабнай сьцяне заводу “Вістан”, якую бачна з плошчы Перамогі, самы вялікі стрыт-арт у Беларусі. Нікалайкін паставіўся да гэтага станоўча.
Актывіст нагадаў таксама, што сёлета гарадзкія ўлады адмовіліся ад прапановы вярнуць вуліцам у цэнтры гораду гістарычныя назвы, дык прапанаваў прадубляваць дзейныя назвы шасьці цэнтральных вуліц гістарычнымі найменьнямі.
“Трэба сем разоў адмераць… Трэба глядзець, каб не пакрыўдзіць другі бок. Ёсьць шмат жыхароў, якія станоўча ставяцца да палкаводца Суворава”, – выказаўся на гэты конт кіраўнік гарадзкой адміністрацыі. Але для пачатку згадзіўся паэкспэрымэнтаваць зь якой-небудзь адной вуліцай.
Разьдзеляць зоны гандлю і адпачынку на Віцьбе
Грамадзкі актывіст Андрусь Кешанюк казаў пра неабходнасьць зрабіць веладарожкі ў зялёнай гарадзкой зоне і закрануў “гарачую” тэму алькаголю ў зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы. Актывіст лічыць, што, пры нефармальным падыходзе ўладаў і пэўных падатковых прэфэрэнцыях для гандляроў здаровай ежай, арганізаваны там бізнэс быў бы прыбытковы і бяз продажу алькаголю.
Задае пытаньне Андрусь Кешанюк
З продажам алькаголю ў зоне адпачынку ня ўсё так проста, зазначыў старшыня гарвыканкаму. Пасьля забароны на продаж сьпіртовых напояў, асноўная маса гандляроў сышла. Засталіся дзьве кропкі, але і яны заявілі, што гандаль не дае прыбытку. Таму і дазволілі гандляваць сьпіртным.
Між тым, паведаміў, што ўжо прынятае рашэньне гарвыканкаму, каб гандлёвыя кропкі перанесьці на аўтастаянку на праспэкце Люднікава, на правы бок каля Юбілейнага мосту.
“Месцы (на аўтастаянцы – ВВ) будуць выстаўленыя на аўкцыён, і гандлёвыя арганізацыі змогуць разьмясьціць там свае гандлёвыя палаткі. Гэткім чынам разьдзелім зону гандлю і зону адпачынку, захаваем і гандаль, і атракцыёны...” – патлумачыў Нікалайкін.
“Калі сёньня знойдуцца людзі, якія 2-3 палаткі паставяць на тых месцах, дзе яны цяпер ёсьць, і будуць працаваць без сьпіртнога, мы адменім гэтае рашэньне”, – запэўніў.
Пра Палац шлюбаў і капліцу ў батанічным садзе
Андрусь Кешанюк выказаў таксама сумненьні ў мэтазгоднасьці пабудовы Палацу шлюбаў у ахоўнай гістарычнай зоне ды параіў уладам пашукаць для гэтага будынку больш прыдатнае месца.
Зь пераносам будынку ЗАГСу ў іншае месца кіраўнік гораду не пагадзіўся.
Рэдактар сайту “Народныя навіны Віцебску” Сяржук Серабро пацікавіўся лёсам капліцы ў батанічным садзе, якую меркавалі перадаць каталіцкай супольнасьці, але нечакана выставілі на аўкцыён.
Як высьветлілася, ані батанічны сад, ані капліца гарадзкой уласнасьцю не зьяўляюцца. Пытаньне далейшага лёсу капліцы вырашалася на рэспубліканскім узроўні і, з улікам усіх акалічнасьцяў, у тым ліку фінансавых магчымасьцяў касьцёлу, было прынятае такое рашэньне. Гарадзкія ўлады са свайго боку не былі супраць перадачы будынку каталікам, патлумачыў Нікалайкін.
Сустрэча віцяблян са старшынём гарвыканкаму доўжылася больш за дзьве гадзіны.
С. Горкі