Аб“ект «Гістарычны цэнтр Полацка» пазначаны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь № 212Е000600. Гэта «будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны слой на тэрыторыі, абмежаванай: з поўначы – вул. Кастрычніцкай, з поўдня – вул. Дзяржынскага, з усходу – вул. Юбілейнай да вул. Дзяржынскага, з захаду – па вул. Гастэлы, М. Багдановіча, Шэнягіна да вул. Кастрычніцкай». У ахоўнай зоне, згодна з заканадаўствам, забаронены любыя земляныя (будаўнічыя работы), без правядзення адпаведных навуковых і даследчых работ.
У лютым 2020г. ў гістарычнай частцы старажытнага горада, непасрэдна каля Сафійскага сабора, на тэрыторыі Верхняга Замка, распачалося будаўніцтва кадэцкай вучэльні. Гэта выклікала абурэнне грамадскасці, бо вучэбна-вайсковую ўстанову вырашылі размясціць на тэрыторыі падахоўнага гістарычнага аб“екта, які мае найвышэйшую рэспубліканскую катэгорыю. Прычым гэтая тэрыторыя не была да канца даследавана, і ў перспектыве яна мела шанцы стаць помнікам Міжнароднай вартасці, адпаведна патрабаванням ЮНЭСКА.
Тым не менш, Кадэцкі корпус быў збудаваны, і сёлета ў верасні прыняў першых выхаванцаў. Каля муроў полацкай Сафіі з“явіліся плац для маршыроўкі плошчай 1800 кв.м. і некалькі пляцовак з трэнажорамі, тут жа, у будынках былой гарадской бальніцы размясцілі вучэбныя класы, цір, некалькі спартовых залаў і «культурна-асветніцкі блок» з музеем, канферэнц-залам, кабінетам маральна-духоўнага выхавання.
Размяшчэнне Кадэцкага корпуса ў гістарычным цэнтры Полацка зрабіла праблемным далейшае даследаванне гэтай тэрыторыі.
Марыя Важнік