Серада, 05 Красавік 2023

Працуюць профі чорнай справы». Рэктарка ВДУ разважае пра негатыўны ўплыў Захаду на беларускую моладзь

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Рэктарка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту Валянціна Багатырова мае навуковае званне доктара эканамічных навук. Тэма ейнай доктарскай дысертацыі – «Финансовое управление воспроизводством человеческого капитала: теория, методология, моделирование». Але менавіта спадарыні Багатыровай абласная газета «Витебские вести» дала «трыбуну» для выкладання тэзаў пра выхаванне сучаснай моладзі, якая «заблыталася ў сусветнай павуціне». Свае развагі рэктарка пачала з «узнікнення нефармальных груповак кшталту «ЧВК «Родан», а скончыла падзеямі 2020г., калі «праз сацыяльныя сеткі» патаемныя ворагі «уздзейнічалі на палітычныя ўстоі і грамадскія меркаванні юных беларусаў».

Верагодна, праз адсутнасць профільнай адукацыі выказванні доктаркі эканамічных навук пра арыенціры сучаснай моладзі выглядаюць зусім не пераканаўча. Недахоп ведаў ў галіне педагогікі і псіхалогіі Валянціна Багатырова адчайна кампенсуе ідэалагічнымі пасажамі, знаёмымі яшчэ з часоў «халоднай вайны» сярэдзіны мінулага стагоддзя. І ад гэтага старання некаторыя тэзы выглядаюць Валянціны Багатыровай выглядаюць нават смешнымі.

«Варожы Захад» уплывае з дапамогай дзіцячай моды

Рэктарка ВДУ спрабуе давесці чытачам, што сістэма прасоўвання заганных «каштоўнасцяў глабальнага свету» базуецца на вытворчасці цацак, дзіцячага адзення і нават ласункаў, «упакаваных асаблівым чынам». Шкада, Валянціна Багатырова не патлумачыла, што мае на ўвазе. Доктарка эканамічных навук асуджае наяўнасць у крамах замежных цацак – «лялек-монстраў» і робатаў. А заадно мультфільмы «з героямі незразумелага паходжання», коміксы з «жахлівымі карцінкамі». Усе гэта яна лічыць «працай профі чорнай справы».

У адзін шэраг з замежнымі цацкамі і мульфільмамі Багатырова залічвае і «прапаганду ЛГБТ» як складніка «культуры Еўропы». Тут Валянціна Багатырова нават спрабуе палемізаваць з Аляксандрам Лукашэнкам: ён нядаўна зазначыў, што знаёмыя яму «геі на высокіх пасадах – гэта залатыя людзі», але рэктарка ВДУ абураная тым, што «у многіх сучасных топ-менеджараў дзяржаўнага ўзроўню» няма дзяцей. Таксама яна сцвярджае, што ў еўрапейскіх краінах хочуць узаконіць педафілію і заафілію, – вядома, без спасылак на крыніцы, з якіх пра гэта можна даведацца.

Барацьба за правы і свабоды чалавека вядзецца дзеля «знішчэння славянскага свету»

Некаторыя выказванні Валянціны Багатыровай прэтэндуюць на глыбокія філасофскія развагі, але над іх сэнсам задумвацца безвынікова. Яны настолькі дэкларатыўныя і беспадстаўныя, што вартыя хіба што цытавання – каб лішні раз здзівіць чытачоў узроўнем мыслення рэктаркі ўніверсітэту.

«Нягледзячы на тое, што царква перажывала розныя часы, яна ўсе адно заставалася ў сэрцах людзей. Па-іншаму і быць не магло, бо такі ў нас генетычны код. Супраць яго заўсёды вялася барацьба», – разважае Валянціна Багатырова.

«Трэба памятаць і разумець, што ў 1945-47 гадах была створана ідэя падпарадкавання і нават знішчэння славянскага свету коштам распаўсюду сістэмы барацьбы за правы і свабоды чалавека», – цвердзіць рэктарка. І дзеліцца яшчэ больш дзіўнымі тэорыямі: «На мяжы ХІХ -ХХ стагоддзяў аформілася сістэма вайскова-патрыятычнага выхавання моладзі. Ужо тады былі закладзены асновы і прынцыпы ў галіне моладзевай палітыкі». Распавядае рэктарка і пра ўласны ўнёсак у выхаванне моладзі: маўляў, на наступны дзень пасля яе прызначэння на пасаду кіраўніцы ВДУ імя Машэрава, была створана школа лідараў «Машэраўцы». Заняткі ва ўдзельнікаў гэтай суполкі, паводдле спадарыні Багатыровай, досыць спецыфічныя: «Мы зносімся, разам глядзім фільмы і казкі, выязджаем на турслёты, дзе спяваем нашы песні. Вельмі часта наведваем хакей, дзе гуляе Аляксандр Лукашэнка».

Стымул для моладзі – гэта калі «з табой па-асабліваму вітаюцца ў калідоры»

На думку Валянціны Багатыровай, з падлеткамі і маладымі людзьмі трэба часцей нефармальна размаўляць. І калі іншыя студэнты заўважаць, што кагосьці «узнагароджваюць за дасягненні, паціскаюць руку, па-асабліваму вітаюцца ў калідоры», то ім абавязкова захочацца таксама стаць такімі ж. Рэктарка кажа, што ў 2020 годзе маладыя людзі «трапілі пад дзеянне дэструктыўных ідэй», якія распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках. На яе думку, гэта сур’ёзная пагроза, якая йдзе з Інтэрнэту, бо з’яўляецца магчымасць «выкарыстання «апрацаванай» моладзі для здзяйснення безматыўных тэрарыстычных актаў». Таму спадарыня Багатырова лічыць, што трэба «працягнуць руку дапамогі тым маладым людзям, якія заблыталіся ў сусветнай павуціне». І што найлепшай дапамогай з’яўляюцца дзяржаўныя абмежаванні, што да дзеянняў у лічбавай прасторы. Напрыканцы рэктарка цытуе Канстытуцыю: маўляў, асноўны закон гарантуе моладзі магчымасці для ўсебаковага развіцця. І завяршае свае развагі зацёртым штампам з савецкіх газет пра тое, што «наша моладзь – гэта наша будучыня».

Таццяна Віктарава