Падчас пошукавых мерапрыемстваў у памежнай зоне недалёка ад месца, дзе знайшлі труп, былі выяўленыя яшчэ трое парушальнікаў пагранічнага рэжыму. Са слоў затрыманых, яны прыбылі на тэрыторыю Беларусі з далёкай і спякотнай Шры-Ланкі, але пацвердзіць сваё грамадзянства не маглі – у іх не было дакументаў.
Па словах затрыманых, іх было, разам з загінулым мужчынам, чацвёра, і яны мелі намер трапіць праз беларуска-літоўскую мяжу на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу. Але заблукалі і доўга хадзілі па беларускіх лясах. Беднае харчаванне і нязвыклыя ўмовы надвор'я прывялі іх да крайняга фізічнага знясілення і абмаражэння ног.
Тым не менш, у нейкі момант, як сцвярджаюць, яны апынуліся ў Літве, і былі затрыманыя літоўскімі памежнікамі, якія, па словах мігрантаў, збілі іх, а затым вярнулі на беларускую тэрыторыю.
Як сцвярджаюць парушальнікі правіла перасячэння мяжы, літоўскія праваахоўнікі запалохвалі іх, нацкоўвалі службовых сабак.
Цалкам магчыма, што мігранты маглі прыдумаць пра нецывілізаваны абыход з боку літоўскіх сілавікоў. Магчыма, яны абгаварылі літоўскіх памежнікаў, каб змякчыць пакаранне за незаконнае знаходжанне ў памежнай зоне і каб пазбегнуць санкцый за падвойнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Пасля затрымання зламыснікаў, беларускія памежнікі выклікалі брыгаду хуткай медычнай дапамогі. Пасля агляду медыкі павезлі замежных грамадзян у Браслаўскую цэнтральную раённую больніцу для ўдакладнення дыягназу і лячэння выяўленых захворванняў.
Следчаму ж камітэту па Віцебскай вобласці яшчэ трэба разабрацца ў гэтай гісторыі і даць дзеянням грамадзянаў Шры-Ланкі прававую ацэнку.
Віталь Кажух