Арганізатарам і мадэратарам дыскусіі стала старшыня Віцебскага гарадскога савету ветэранаў Ларыса Аленская.
Цягам трох гадзін больш за два дзясяткі ўдзельнікаў – прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і партый, казалі аб палітычнай сітуацыі ў горадзе і краіне. Падчас сустрэчы паспрабавалі вызначыць ролю грамадскасці ў дасягненні грамадзянскага міру і згоды.
Грамадскія і палітычныя лідары агучылі прапановы, якія тычыліся зменаў у Канстытуцыю, якія могуць стаць часткай новага Асноўнага закона Беларусі.
На сустрэчу не былі запрошаныя лідары і прадстаўнікі вулічных пратэстаў, апаненты са студэнцкага асяродку, прадстаўнікі медычнай супольнасці, што надало сустрэчы аднабаковы і мажорны характар.
Некаторыя выступы выходзілі за межы заяўленай тэмы і больш нагадвалі нудныя справаздачы аб дзейнасці тых ці іншых грамадскіх абʼяднанняў.
У сустрэчы бралі ўдзел старшыня Віцебскага гарвыканкаму Вадзім Заранкін, старшыня Віцебскага гарадскога Савету дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, дэпутат Савету Рэспублікі і былы начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Юрый Дзяркач ды іншыя.
Леанід Свецік, праваабаронца