"Сярэдні заробак на Аршаншчыне – 834 рублі…"
Ігар Ісачанка паведаміў, што зь пяці мэтавых індыкатараў комплекснага разьвіцьця Аршанскага раёну, вызначаных Праграмай разьвіцьця па выніках мінулага пэрыяду (за паўгады), выконваюцца тры. Гэта паказьнікі выручкі на аднаго працаўніка (45,1% ад узроўню па вобласьці), тэмпу росту ўласных прыбыткаў (104,1 %) і росту заробкаў.
Старшыня райвыканкаму сьцьвярджае, што за студзень-травень заработная плата на Аршаншчыне склала 834, 7 рублі (96,4 % ад сярэднеабласнога ўзроўню).
Аднак, паводле Ісачанкі, па выніках паўгодзьдзя рэгіён ня змог дасягнуць мэтавых паказьнікаў па тэмпах росту колькасьці занятага ў эканоміцы насельніцтва (99,2%) ды па інвэстыцыях у асноўны капітал у разьліку на душу насельніцтва (97,0% пры плянаваных 267,5%).
Запрацавала 30 новых прадпрыемстваў
Ісачанка запэўніў, што ў выніку зробленых захадаў, у тым ліку праведзенай рэарганізацыі арганізацыяў, палепшыўся фінансавы стан раёну. У адпаведнасьці з Указам №506, суб’ектамі Аршанскага раёну сталі 119 арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. У першым паўгодзьдзі пачалі працаваць 30 новых прадпрыемстваў.
Паведаміў, што ажыцьцяўляюцца практычна ўсе мерапрыемствы па рэалізацыі Праграмы разьвіцьця Аршанскага раёну. На заводзе “Легмаш” завяршаецца мадэрнізацыя ліцейнай вытворчасьці, на Арэхаўскім льнозаводзе – асноўнай вытворчасьці. Працягваюцца працы па тэхнічным пераабсталяваньні Аршанскага льнокамбінату, “Краснага барца”, “Сьвітанку”, “Манулі Гідраўлікс” ды іншых. Уведзеная ў эксплёатацыю першая чарга мультымадальнага прамыслова-лягістычнага комплексу “Брэміна-Ворша”.
Узялі на працу на 584 чалавекі менш, чым звольнілі
Разам з тым старшыня Аршанскага райвыканкаму абазначыў праблемы, якія “неабходна вырашаць разам”.
У прыватнасьці зазначыў, што на 1 ліпеня 2019 году пры зарэгістраваным беспрацоўі 0,5 % арганізацыі раёну ўзялі на працу на 584 чалавекі менш, чым было звольнена.
“Ёсьць пытаньні з укамплектаваньнем станочным абсталяваньнем і вызначэньнем стратэгічнага інвэстара для Аршанскага інструмэнтальнага заводу, таксама – па запуску кольцараскатнай вытворчасьці для “БелАЗу” на заводзе ПАК. Не пачалося будаўніцтва цэху забою Аршанскага мясакансэрвавага камбінату. Зацягнулася фінансаваньне будаўніцтва сьвінарэпрадуктару ў вёсцы Гараны…” – пералічваў Ігар Ісачанка.
Таксама заўважыў, што многія аўкцыёны па продажы камунальнай маёмасьці праходзяць безвынікова. “Але мы бачым усе гэтыя праблемы і маем на мэце іх вырашыць”, – запэўніў сабраных старшыня Аршанскага райвыканкаму.
Ігар Ісачанка быў прызначаны старшынём Аршанскага райвыканкаму ў жніўні 2018 году, пасьля таго як Лукашэнка звольніў з гэтай пасады Аляксандра Пазьняка. Да гэтага Ігар Ісачанка ўзначальваў камітэт па архітэктуры і будаўніцтву Віцебскага аблвыканкаму. На пазачарговай сэсіі Аршанскага раённага Савету дэпутатаў 15 жніўня 2018 году Ісачанка паабяцаў навесьці парадак у раёне за тры-чатыры дні.