Пэрыядычныя сустрэчы са службовымі асобамі гарадзкога і абласнога ўзроўняў дапамагаюць актывісткам «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» ня толькі быць у курсе працэсаў, якія адбываюцца ў Віцебску і па ўсёй вобласьці, але і ўплываць на іх.
Пасьля сустрэчы, якая доўжылася дзьве гадзіны, сябры БХД паведамілі карэспандэнту ВВ, што засталіся задаволеныя яе вынікамі, і тым, што Юры Дзяркач іх уважліва выслухаў і даў падрабязныя тлумачэньні адносна шэрагу ўзьнятых пытаньняў. Пасьля размовы актывісткі сталі лепш разумець падыходы ўпраўленьня аховы здароўя да арганізацыі дзейнасьці мэдычнай сфэры ў рэгіёне. Удалося абмеркаваць як справы асобных грамадзянаў, гэтак і грамадзка значныя, рэзанансныя праблемы, якія чыноўнікі розных узроўняў неаднаразова абяцалі вырашыць.
Як распавяла Тацяна Севярынец, для актывістак было важна даведацца, калі ў Білеве зьявяцца мэдычныя офісы для дзяцей і жанчын, бо на гэтае пытаньне, якое яны ставілі перад уладай раней, прыйшоў няўцямны адказ чыноўніка ніжэйшага рангу. Юры Дзяркач паабяцаў пасьля ўдакладненьня асабіста паведаміць, як вырашаецца гэтае пытаньне.
Тацяна Севярынец:
– Ішла размова і пра іншыя аб'екты мэдычнага прызначэньня. У прыватнасьці, размаўлялі пра гінэкалёгію на Хмяльніцкага, якая перабудоўваецца ня першы год. Праўда, канкрэтнага адказу пакуль не атрымалі.
Задаваліся таксама пытаньні, якія тычыліся канкрэтных грамадзянаў, а з досьведу ранейшых сустрэч мы ведаем, што калі задаём канкрэтныя пытаньні, то яны вырашаюцца.
Даведаліся, што першая гарадзкая клінічная больніца будзе адрамантаваная.
Я спадзяюся, што пытаньні, якія мы задавалі, пры ўдзеле Юрыя Дзеркача вырашацца, і нейкія зрухі будуць. Справа ў тым, што ў гіерархічнай сыстэме, якая існуе, ягоныя падначаленыя рэдка бяруць на сябе сьмеласьць дзейнічаць з уласнае ініцыятывы. Яны гэтага баяцца. Праўда, чыноўнік з нашым меркаваньнем не пагадзіўся.
Кажа Алена Шабуня:
– Узьнялі пытаньне вузкіх спэцыялістаў. Ягоны адказ нас задаволіў.
Былі пытаньні што да карнай псыхіятрыі. Ад адказу на пытаньні чыноўнік ухіліўся. Адно зь іх зьвязанае з выпадкам, калі чалавек не прасіў дапамогі, а яму яе навязвалі, прымусова зьмясьціўшы ў лякарню. Згадалі канкрэтны выпадак з грамадзянінам, які атрымаў даведку ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, што ён не стаіць у іх на ўліку. Даведкай ён не скарыстаўся – яна дзейнічае тры месяцы – і прыйшоў паўторна, але ў выдачы даведкі яму адмовілі і накіравалі на ўрачэбны прыём. Свае дзеяньні патлумачылі тым, што ў кампутары напісана, каб яму даведку не выдавалі.
Ішла размова і пра нэгатыўнае ўзьдзеяньне на здароўе чалавека павышанага шумавога фону, зьвязанага з гукавой рэклямай ў закрытых памяшканьнях, на транспарце і на вуліцы. Калі я еду на маршрутцы, я аплачваю свой праезд, але я не жадаю, каб мне нешта навязвалі, я хачу ехаць спакойна. У суседніх Польшчы ці Летуве ў грамадзкім транспарце ёсьць рэкляма, але безгукавая, яна высьвечваецца на экране.
Ірына Захарава ўзьняла пытаньне інфэкцыйнай лякарні. Летась яна пазнаёмілася з умовамі для хворых:
– Гэта нешта жахлівае. Усё старое, паламанае, бруднае. Суцэльная антысанітарыя. Даведаліся, што інфэкцыйная лякарня будзе пераносіцца. У Віцебскім гарадзкім клінічным шпіталі № 2 плянуецца адчыніць інфэкцыйнае аддзяленьне. Што тычыцца запаленьня лёгкіх, то цяпер яго будуць лекаваць у аддзяленьнях пульманалёгіі.
Паводле прадстаўніц БХД, яны зразумелі з размовы, што многія цяперашнія пераўтварэньні ў мэдычнай галіне выкліканыя аптымізацыяй, якая адбываецца з-за стану эканомікі. Падчас сустрэчы слова «аптымізацыя» прагучала з вуснаў чыноўніка ня раз. Але актывісткі спадзяюцца, што ад вымушаных пераўтварэньняў простым грамадзянам будзе хоць нейкая карысьць.
С. Горкі