Серада, 05 Верасень 2018

Актывістак БХД аштрафавалі бязь іх удзелу ў судовым працэсе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Захарава, Тацяна Севярынец Ірына Захарава, Тацяна Севярынец

Суд Першамайскага раёну Віцебску за пікетаваньне рэстарацыі «Паедзем паядзім» аштрафаваў 5 верасьня дзьвюх віцебскіх актывістак аргкамітэту партыі БХД Ірыну Захараву і Тацяну Севярынец.

Адміністрацыйны працэс у дачыненьні да Ірыны Захаравай вёў судзьдзя Міхаіл Юрчанка. На пачатку разгляду справы ён забараніў весьці відэафіксацыю, размаўляць ды заклікаў прысутных прытрымлівацца парадку вядзеньня судовага паседжаньня, хаця відавочных падставаў для таго не было.

Ірына Захарава ў суд не зьявілася, а ў залі прысутнічалі двое цікаўных ды парачка людзей ў цывільным з выразнай службовай прыналежнасьцю. Не зважаючы на адсутнасьць Ірыны Захаравай, суд вырашыў разглядаць справу безь яе ўдзелу. Сьведкі (супрацоўнікі міліцыі Міхалевіч ды Новік), заяўленыя да ўдзелу ў працэсе, у суд таксама не зьявіліся ў сувязі са службовымі акалічнасьцямі.

Згодна з пратаколам, складзеным міліцыяй, актывістка, якая ўдзельнічала ў «Курапацкай варце», 8 жніўня на тэрыторыі Менскага раёну ля рэстарацыі «Паедзем паядзім» зьдзейсьніла правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Маўляў, пікетаваньне, у якім Ірына Захарава нібыта брала актыўны ўдзел, было праведзенае без адпаведнага дазволу райвыканкаму Менскага раёну.

Падчас дасьледаваньня доказаў, якія зьмяшчаліся ў матэрыялах справы, судзьдзя Юрчанка некалькі разоў, павышаючы голас, як асноўны аргумэнт яе віны даводзіў прысутным, што актывістка трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяг. У часе дэманстрацыі відэафайлаў ён таксама падкрэсьліў гэта.

Дарэчы, прагляд відэа, якое на адкрытым працэсе мусіць бачыць кожны з прысутных, напачатку быў даступны толькі судзьдзі ды сакратарцы. Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуў на гэты момант увагу судзьдзі, але той адмовіў праваабаронцу ў задавальненьні яго прашэньня на той падставе, што ён не зьяўляецца ўдзельнікам працэсу. На знак пратэсту Левінаў пакінуў судовую залю.

Пасьля сыходу праваабаронцы судзьдзя Юрчанка на хвіліну павярнуў манітор у бок прысутных і зрабіў некалькі заўвагаў наконт Ірыны Захаравай. І ўрэшце прызнаў дастатковымі пададзеныя ў суд доказы яе віны ды прысудзіў актывістцы БХД 13 базавых велічыняў (318,5 рубля) штрафу.

Разгляд справы Тацяны Севярынец таксама адбыўся безь яе ўдзелу і амаль люстэркава нагадваў першы адміністрацыйны працэс. Тыя самыя заяўленыя сьведкі, тыя самыя абвінавачваньні, той самы штраф у 13 базавых. Адна толькі розьніца: вяла справу судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна.

Па завяршэньні судовых слуханьняў праваабаронца Павал Левінаў адзначыў:

– Згодна зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох суд мусіў даць кожнай удзельніцы працэсу дастаткова часу для сваёй абароны. Прабачце мяне, але гэта нонсэнс, калі напярэдадні ўвечары табе кажуць, што з раніцы ў цябе суд, і ты ня маеш магчымасьці нават заключыць з адвакатам дамову. Як паказаў сёньняшні працэс, Тацяну Севярынец і Ірыну Захараву судзілі за тое, што яны знаходзілася ля сумна вядомай рэстарацыі «Паедзем паядзім» зь бел-чырвона-белым сьцягам. Дзіўнае рашэньне суду, які адмовіў грамадзянам у праве на свабоду мірных сходаў і на выказваньне свайго меркаваньня.

С. Горкі

Залагініцца каб дадаць камэнтары