У Віцебску забароненыя ўсе 3 меркаваныя акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі
Мясцовыя дэмакратычныя актывісты падавалі тры заяўкі на імпрэзы, прысьвечаныя памяці ахвяраў чарнобыльскай трагедыі — у трох раёнах гораду і ва ўсіх трох месцах, адмыслова вызначаных для масавых акцыяў раённымі адміністрацыямі. Мітынгі, прысьвечаныя памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, зьбіраліся арганізаваць кіраўнік абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў — у парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ, і кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў — у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Нават пікет у загарадным парку культуры і адпачынку «Мазурына», які рыхтаваў сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, апынуўся пад забаронай.
Улады забаранілі мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў Чарнобыля
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.
Яшчэ адна заяўка на акцыю да 27-й гадавіны Чарнобыля пададзеная ў Віцебску
Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў накіраваў у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету 26 красавіка. Пікет прымеркаваны да 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, гэта не адзінае мерапрыемства, заплянаванае на 26 красавіка апазыцыйнымі палітыкамі ў Віцебску: раней заяўку на правядзеньне мітынгу падаваў абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
БНФ Віцебскай вобласьці рыхтуецца да ўгодкаў Чарнобыля
Старшыня віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў накіраваў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне 26 красавіка мітынгу. Мітынг будзе прымеркаваны да 27-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой пацярпелі мільёны беларусаў. Меркаванае масавае мерапрыемства таксама мусіць стацца акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва ядзерных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.
Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла віцебскім актывістам у задавальненьні іх просьбы
Кіраўнік абласной структуры руху “За cвабоду” Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуўся ў МУС, калі атрымаў ад віцебскіх міліцыянтаў чарговую адмову на абслугоўваньне масавай акцыі. Паводле адпаведнага рашэньня гарвыканкаму, дазвол на акцыі можна атрымаць, толькі маючы такія дамовы: “Нам напісалі зь міліцэйскай управы, што дамову заключаць толькі пасьля таго, як мы атрымаем дазвол зь Першамайскай раённай адміністрацыі. А ў раённай адміністрацыі патрабуюць дамову ад пачатку”.