Віцебскі гарвыканкам адмовіў актывісту КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву ў дазволе на правядзеньне вулічнага шэсьця, прымеркаванага да 150-х угодкаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Прычына забароны акцыі стандартная: адсутнасьць дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў 6 сакавіка падаў заяўку на правядзеньне мітынгу ва ўшанаваньне 95-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле яго слоў, мітынг плянуецца правесьці 25 сакавіка з 17:30 да 18:30 на віцебскім стадыёне «Лякаматыў». Аўтухоў таксама напісаў скаргі ў пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам на адмову прадстаўнікоў хуткай дапамогі і міліцыі заключыць дамовы на забесmпячэньне суправаджэньня масавага мерапрыемства.

Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў накіраваў у суд Кастрычніцкага раёну Віцебску заяву аб прымусе лекараў да заключэньня дамовы аб мэдычным абслугоўваньні мітынгу. Згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, заяўнікі вулічнага мерапрыемства, калі яго арганізатарам не зьяўляюцца дзяржворганы, павінны да заявы прыкладаць дамову, загадзя заключаную з установай аховы здароўя аб мэдычным абслугоўваньні падчас правядзеньня мерапрыемства.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў у Віцебскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне вулічнага шэсьця 10 сакавіка. Мэта меркаванай імпрэзы: публічна адсьвяткаваць 150-годзьдзе паўстаньня супраць царскай Расеі беларускіх патрыётаў на чале з нацыянальным героем Беларусі Кастусём Каліноўскім.

У Віцебску 18 лютага актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ў межах маратону “Хваля салідарнасьці” зладзілі супольную малітву за палітвязьняў. Яна праходзіла каля Эўфрасіньнеўскага крыжа. “Нас было няшмат, але людзей у чорным, якія пільна сачылі за намі і былі гатовыя ў любы момант на нас накінуцца, было ў два разы больш”, - адзначыла каарданатарка БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.