Віцебскія актывісты БХД зладзілі акцыю ў падтрымку сямейных каштоўнасьцяў
У Віцебску мясцовыя актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 траўня, правялі акцыю ў абарону сямейных каштоўнасьцяў. Ля віцебскай ратушы – месца адпачынку гараджанаў – яны раздавалі брашуры БХД “За сямейныя каштоўнасьці”. Як паведаміла каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, усяго было раздадзена каля сотні такіх брашураў.
На Віталя Каваленку склалі пратакол за пікет у гадавіну Чарнобыля
Каб скласьці пратакол на сябра КХП-БНФ Віталя Каваленку, супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго на працу. Копію пратаколу яму не ўручылі, сказалі, што вышлюць па пошце. Брата былога палітвязьня Сяргея Каваленкі абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету ў цэнтры Віцебску 26 красавіка.
На віцебскага палітыка складзены пратакол за “чарнобыльскі” пікет
На сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава 30 красавіка складзены пратакол пра парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэньне, якога яны на свае вочы ня бачылі – пратакол складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у інтэрнэце. Ян Дзяржаўцаў распавёў, што ў пастарунку размова вялася пра акцыю 26 красавіка, на ўгодкі аварыі ў Чарнобылі, які яны ўдвух зладзілі з аднапартыйцам Віталём Каваленкам.
Чарнобыльскія вянкі паплылі па Дзьвіне і Дняпры
Гэта ўжо традыцыйная акцыя, якая адбываецца штогод. «Некалькі актывістаў сабраліся а 18-й вечара каля крыжа на Ўсьпенскай горцы, а потым усе спусьціліся ўніз — бліжэй да таго месца, дзе Віцьба ўпадае ў Дзьвіну. Калі пачалі пускаць вянок, аднекуль набеглі работнікі камунальных службаў ды пачалі крычаць: „Чаму забруджваеце рэчку розным сьмецьцем?“. А людзі ў цывільным здымалі гэта на відэа. Але наш вянок гэтым разам хутка-хутка паплыў па вадзе, хоць у мінулыя гады яго даводзілася нават штурхаць. А так — як Бог яго падхапіў ды панёс…», — распавёў удзельнік акцыі старшыня абласной суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Віцебскія сябры КХП-БНФ зладзілі пікет у памяць Чарнобыля
У пікеце, які прайшоў 26 красавіка ў цэнтры Віцебску, узялі ўдзел двое сяброў КХП-БНФ. Віталь Каваленка і Ян Дзяржаўцаў цягам прыкладна 30-ці хвілін стаялі ля помніку Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар! Пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль!» Мінакі спыняліся ля пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, рабілі фатаграфіі з дапамогай здымачоў мабільных тэлефонаў.