Прычына адмоваў ва ўсіх адказах з раённых адміністрацыяў аднолькавая — гэта адсутнасьць дамоваў з мэдыкамі і міліцыяй на абслугоўваньне акцыі. Дамовы ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі, астатнія адказныя структуры адмовілі заяўнікам на розных падставах.
«З абласной міліцэйскай управы мне напісалі, што дамову заключыць ня могуць, бо супрацоўнікам „не вядомы плян масавых мерапрыемстваў на трэцюю дэкаду красавіка“, які ім не даслалі ці то з гарвыканкаму, ці то з райвыканкаму. Адно не разумею: пры чым тут мая ўласная ініцыятыва? А з паліклінікі прыйшоў адказ, што мэдыкі занятыя іншым: аказваецца, у нас у Віцебску ізноў „павелічэньне выпадкаў сэзонных захворваньняў“! Цікава, што „сэзонныя захворваньні“ ў горадзе здараюцца рэгулярна: перад угодкамі паўстаньня Кастуся Каліноўскага, перад Днём Волі і во цяпер, напярэдадні ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі!» — камэнтуе адмову Ян Дзяржаўцаў.
На перашкодзе ў арганізатараў акцыяў зноў стала невыканальнае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881, якое патрабуе папярэдне заключыць дамовы з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй. Спробы супрацоўніцтва з гэтымі структурамі аказаліся марнымі: у сакавіку віцебскія актывісты нават спрабавалі дамагчыся заключэньня дамовы з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай праз суд. Аднак Кастрычніцкі райсуд пастанавіў адхіліць скаргу кіраўніка абласной структуры руху «За свабоду» Хрыстафора Жаляпава, бо ўстановы, як высьветлілася, маюць поўнае права адмаўляць у заключэньні дамоваў, абавязковых для актывістаў. 22 красавіка гэтае рашэньне райсуду пакінуў у сіле Віцебскі абласны суд.
Пасьля прыняцьця рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 у 2009 годзе ў Віцебску не было дазволена ніводнай масавай акцыі з ініцыятывы мясцовых апазыцыянэраў.