«Просім прыняць меры па ліквідацыі гандлю і ўжываньня алькагольных напояў (у тым ліку піва) на тэрыторыі парку імя Фрунзэ (набярэжная Віцьбы). У сувязі з ужываньнем алькаголю на тэрыторыі парку рэгулярна назіраюцца непрыстойныя паводзіны грамадзян. Мы як бацькі ня можам дазволіць сабе ўвечары адпачыць зь дзецьмі ў гэтым парку… Апроч таго, на тэрыторыі парку (па-за зонамі расьпіваньня напояў) адбываюцца парушэньні п.1 арт. 17.3 КаАП - зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п’яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасьць і маральнасьць. З гэтай нагоды мы зьвярталіся ва УУС, аднак умацаваньне колькасьці супрацоўнікаў, якія забясьпечваюць бясьпеку, не заўсёды дапамагае», - зьвяртаюцца ў пэтыцыі да старшыні Віцебскага аблвыканкаму яе складальнікі.
Яны лічаць, што менавіта пад уплывам алькаголю «адпачывальнікі» пачынаюць дакучаць раварыстам, ролерам, перашкаджаюць ім езьдзіць па пазначаных дарожках.
Таксама ў звароце адзначаецца тое, што Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прызнала Беларусь «самай пітушчай краінай». А наяўнасьць алькаголю ў гандлёвых пунктах зьяўляецца стымулам і заклікам (хай нават схаваным) да так званага «алькагольнага адпачынку».
У якасьці альтэрнатывы неабыякавыя месьцічы прапануюць Аляксандру Косінцу супольна зь Міністэрствам спорту і турызму, а таксама зь Міністэрствам культуры стварыць працоўную групу і распрацаваць канцэпцыю па разьвіцьці цьвярозага і спакойнага адпачынку жыхароў Віцебску, і зрабіць тэрыторыю Віцьбы зонай цьвярозасьці.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска