Паводле афіцыйнай інфармацыі, грамадская прыёмная будзе «выпрацоўваць і ажыццяўляць мерапрыемствы, накіраваныя на супольную рэалізацыю дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і падтрыманне стабільнасці ў грамадстве». Пра канкрэтныя намеры з гэтых гучных словаў даведацца практычна немагчыма.
«На прыёмы чакаюць людзей, ахвотных дадаць свой унёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёну, у каго ёсць стваральныя ідэі, прапановы і ініцыятывы», – кажуць у райвыканкаме. Але якім будзе механізм ацэнкі прапановаў, іх фінансавання і ўвасаблення – пра гэта жыхарам Полацку не кажуць. Адпаведна, сёння толькі самыя наіўныя людзі здольны паверыць у тое, што мясцовыя ўлады насамрэч гатовы падтрымаць пажаданні, выказаныя «знізу». І сам факт стварэння такой прыёмнай (па ініцыятыве полацкай дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Святланы Адзінцовай) выглядае на спробу імітаваць запрашэнне гараджан да ўдзелу ў жыцці гораду.
«Зацікаўленасць» у прапановах і ініцыятывах выглядае тым больш непераканаўча, калі звярнуць увагу на графік працы «Прыёмнай грамадскай супольнасці: раз на месяц цягам адной гадзіны. Першы прыём адбудзецца 14 лютага ў Цэнтры культуры «Полацк». Якраз у час працы прыёмнай у ЦК запланавана дыскатэка да Дня Святога Валянціна.
Міхась Хмара