Некалькі мікрааўтобусаў з чыноўнікамі і актывістам параўладнай моладзевай арганізацыі ездзяць па райцэнтрах, спрабуючы зрабіць на мясцовых жыхароў уражанне клопату пра іх. У адказ на гэта ўлады ў рэгіёнах ладзяць паказушныя мерапрыемствы, накшталт перформансаў «85», дзе галоўная задача – як мага больш «крэатыўна» падаць юбілейную лічбу. У Талачыне зрабілі восем з паловай дзясяткаў папяровых цюльпанаў, у Сянно пусцілі ў неба 85 паветраных шарыкаў, у Бешанковічах «выложили памятные цифры из автомобилей, в Чашниках – из людей», піша газета «Витебские вести».
Своеасабліва фармулюе абласное дзяржаўнае выданне і задачы марафону. З аднаго боку, удзельнікі марафону праводзяць «круглыя сталы», каб абмеркаваць дасягненні вобласці. З другога – збіраюць скаргі мясцовых жыхароў, каб вырашыць праблемы ў рэгіёнах – хаця гэтым павінны займацца не «гастралёры», я райвыканкамы, прычым на пастаяннай аснове. І зусім ужо дзіўная мэта – «уверить пожилых людей, что нынешние молодые люди готовы трудиться на благо малой родины, хотят мира и не собираются заниматься переписыванием истории».
Афіцыйная дата стварэння Віцебскай вобласці – 15 студзеня. Аўтамарафон рушыў у свой шлях 6 лютага, і мае завяршыцца мае 10 лютага. А яшчэ праз тыдзень у канцэртнай зале «Віцебск» удзельнікі марафона ўрачыста складуць карту вобласці з пазлаў- абрысаў кожнага раёну. Якога эфекту можна чакаць ад гэтай 5-дзённай імпрэзы, сказаць цяжка. Хіба што актывісты БРСМу атрымаюць задавальненне ад дармовай паездкі па рэгіёнах, падчас якой дарослыя людзі віталі іх як дарагіх гасцей, імкнучыся дагадзіць абласному кіраўніцтву. Але, найверагодней, самымі задаволенымі застануцца 85-гадовыя юбіляры, якіх вызначылі райвыканкамы: ім, як равеснікам Віцебскай вобласці, удзельнікі ідэалагічнага марафону ўручаюць адмысловыя падарункі.
Станіслаў Іваноўскі