Віцебшчыну накрыла хваля кіберзлачынстваў і махлярстваў у Інтэрнэце, калі зламыснікі выманьваюць у даверлівых грамадзян грошы з банкаўскіх картак або падманваюць жыхароў вобласці, запрашаючы набыць тавары ў няісных інтэрнэт-крамах. Таму варта было б чакаць, што ў міліцыі мусіць з’явіцца новае высокатэхналагічнае абсталяванне дзеля папярэджання такіх злачынстваў. Але ж не: у распараджэнне віцебскіх міліцыянтаў паступаюць квадракоптары, сфера выкарыстання якіх мае вельмі спецыфічнае прызначэнне.
З вялікай доляй фантазіі яшчэ можна сабе ўявіць, што назіранні з вышыні дапамогуць выкрываць «закладчыкаў» і спажыўцоў псіхатропных і наркатычных рэчываў. Бо незаконны абарот наркотыкаў стаў у апошнія гады адным з самых распаўсюджаных злачынстваў. Таксама чыста тэарэтычна можна разважаць пра ролю квадракоптараў у барацьбе са злачынствамі ў сферы аграпрамысловага комплексу, калі вядзецца пра крадзяжы жывёлы з фермаў...
Але міліцыю хвалюе іншае: неабходнасць сачыць за грамадзянамі, якія могуць парушыць заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў: выйсці з плакатам у натоўпе ці разгарнуць у людным месцы бел-чырвона-белы сцяг. Менавіта з такімі мэтамі ў месцах правядзення рознага кшталту гарадскіх імпрэзаў будуць запускаць квадракоптары з відэакамерамі, каб як мага хутчэй вылічыць парушальнікаў «грамадскага спакою і стабільнасці ў краіне».
Станіслаў Іваноўскі